У ААТ «Буеўшчына» пасяўная кампанія ідзе шырокім фронтам

Сельское хозяйство

намеснік дырэктара ААТ “Буеўшчына” А. І. Гернат тлумачыць план работы механізатару Вадзіму Падобу
намеснік дырэктара ААТ “Буеўшчына” А. І. Гернат тлумачыць план работы механізатару Вадзіму Падобу

У мінулыя гады, калі стаяла цёплае вясенняе надвор’е, у гэты час сельгаспрадпрыемствы заканчвалі пасяўныя работы на сваіх палетках. На жаль, сёлета сяўба яравых зерневых і зернебабовых культур вельмі зацягнулася з-за дрэннага надвор’я. Па стане на 18 мая ў раёне засеяна 65 працэнтаў плошчаў ад запланаваных. У пачатку тыдня мы пабывалі ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Буеўшчына”, дзе змаглі ўласна азнаёміцца з ходам пасяўной кампаніі.

— Сёлета ў нашай гаспадарцы запланавана засеяць яравымі культурамі 1805 га зямлі, — кажа галоўны аграном Віктар Фляр’янавіч Атрашкевіч. — На пачатак тыдня насенне было загорнута ў глебу на плошчы ў 50 працэнтаў. Шкада, што сёлетняя непагадзь стрымлівае тэмпы сяўбы. Зараз на ўліку кожная гадзіна спрыяльнага надвор’я, якую мы выкарыстоўваем рацыянальна.

Немалаважны акцэнт робім на сяўбе кукурузы. Гэта дазволіць нам мець трывалую кармавую базу для буйной рагатай жывёлы. Наогул, мы дэтальна падыходзім да разгляду, якія культуры засяваць на палетках гаспадаркі. Напрыклад, у аддзяленні “Юдыцына”, дзе цяжкія сугліністыя землі, сеем азімыя зерневыя, а таксама канюшыну. Сёлетняй вясной там запланавана пасеяць толькі 17 га яравых культур. У аддзяленнях “Варонка” і “Іёды” перавагу аддаём сяўбе яравых зерневых і зернебабовых, бо тут землі больш лёгкія, пясчаныя.

Мінеральныя ўдабрэнні стараемся выкарыстоўваць па мінімуму. Дзелім іх невялікую колькасць, каб унесці пад сяўбу яравых. Закончылі другую падкормку азімых культур. Хоць з зімы яны выйшлі не ў вельмі добрым стане, тым не менш, спадзяёмся, што менавіта падкормка дазволіць восенню мець з іх нядрэнны ўраджай.

У гаспадарцы зараз на сяўбе задзейнічаны два пасяўныя шасціметровыя агрэгаты АПП-6 і два трохметровыя “Лемкен”. За дзень яны засяваюць каля 100 га. Пры спрыяльным надвор’і плануем за дзесяць дзён завяршыць сяўбу, каб потым, не губляючы часу, пачаць корманарыхтоўку.

Пасля гутаркі з галоўным аграномам мы накіраваліся ва ўрочышча Каменка, дзе сяўбу ячменю вёў малады механізатар Вадзім Падоба. Хлопец пасля заканчэння школы і атрымання пасведчання трактарыста-машыніста, застаўся працаваць у роднай гаспадарцы. Дзявяты год шчыруе на энерганасычаным МТЗ-3022. Механізатар прыпыніўся на хвіліну, каб даведацца пра аб’ёмы зробленай ім работы ў намесніка дырэктара гаспадаркі Аляксандра Іосіфавіча Герната. Спецыяліст паведаміў хлопцу, што к вечару яму патрэбна будзе адправіцца на сяўбу аўсу.

— Часта прыходзіцца перакідваць тэхніку з аднаго поля на другое, — сказаў нам у размове Аляксандр Іосіфавіч. — Гэтага патрабуюць тэрміны сяўбы разнастайных культур, а таксама падрыхтаваныя ўчасткі палёў.

На ўнясенні мінеральных удабрэнняў задзейнічаны Алег Падоба.
Сяўбу кукурузы вядзе Пётр Ерамееў

Ва ўрочышчы Вінніца таксама працавала тэхніка. Мінеральныя ўдабрэнні ўносіў механізатар Алег Падоба. Следам за ім дружна рухаліся два КЗР-10 у счэпе з агрэгатамі “Лемкен”. Сяўбу кукурузы на іх вялі Антон Паўловіч і Пётр Ерамееў. Поле, плошчай у 21 гектар, яны завяршылі засяваць да вечара таго ж дня, каб без прамаруджвання накіравацца на іншыя палеткі і весці палявыя работы шырокім фронтам, бо час прыспешвае.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Сяўбу кукурузы вядзе Пётр Ерамееў
На ўнясенні мінеральных удабрэнняў задзейнічаны Алег Падоба


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *