Пра справы на ферме Цэнтр КУВСП «Гарадзец»

Сельское хозяйство

даяркі фермы Цэнтр Н. М. Каснікоўская, В. І. Крыўка, А. І. Крыўка

Перад жывёлаводамі ставіцца няпростая задача — павялічваць надоі малака ад грамадскага статка. Вырашыць яе можна толькі выконваючы шэраг патрабаванняў. Адно з іх — рэканструяванне жывёлагадоўчых ферм за кошт уласных сродкаў. Тым самым механізуецца праца, будзе забяспечана тэхналогія малочнай вытворчасці, а значыць, знізяцца затраты і павялічыцца прадуктыўнасць дойнага статка.
Якімі праблемамі жывуць жывёлаводы КУВСП “Гарадзец”? Адна з буйных ферм гаспадаркі — Цэнтр. З лічбамі азнаёміла эканаміст па жывёлагадоўлі Эмілія Багданаўна Хаткевіч: “Тут сканцэнтравана асноўнае пагалоўе дойнага статкі гаспадаркі — 621 карова. За мінулы год даяркі фермы надаілі 1446,9 тоны малака, што складае на карову па 3135 кілаграмаў.
Зразумела, гэты паказчык невысокі”. Як паведаміў галоўны ветурач сельгаспрадпрыемства Мікалай Валянцінавіч Бортнік, восенню правялі вялікую работу па сартоўцы жывёлы. У такім выпадку падбіраецца лепшы статак, значыць, была выбракоўка нізкапрадуктыўных і хворых кароў. Словам, з трох ферм (Верацей, Канавалава, Уліна) зрабілі больш прадуктыўную ў Цэнтры. Цяпер жывёлаводы працуюць над паляпшэннем працоўных паказчыкаў.
Прыехалі мы з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Людмілай Уладзіміраўнай Стомай на ферму ў чацвер. Гэта прыняты  для ўсіх гаспадарак раёна санітарны дзень. У памяшканні фермы было ажыўлена. Даглядчыкі жывёлы праводзілі чыстку памяшканняў і вывозілі з іх смецце, даяркі бялілі сцены і падсыпалі пілавіннем праходы. Усім працэсам работ кіраваў М. В. Бортнік.
— Заўтра ў нас дзень жывёлавода, — патлумачыў спецыяліст. — Як звычайна, па пятніцах, у вызначаны час прыходзяць на размову да працаўнікоў фермы кіраўнік гаспадаркі, галоўны эканаміст, бухгалтар па жывёлагадоўлі, намеснікі дырэктара па вытворчых пытаннях і па ідэалогіі. Яны знаёмяць жывёлаводаў з паказчыкамі, якіх дасягнулі за папярэдні перыяд, вырашаюцца праблемныя пытанні.
На ферме ў час нашага наведвання сярод іншых працавалі маці з дачкой Валянціна Іванаўна і Алена Ільінічна Крыўкі. За імі замацаваны адпаведна 60 і 65 жывёлін. За прайшоўшы год яны надаілі: Валянціна Іванаўна 203,7 тоны пры сярэднім надоі на карову па 3719 кілаграмаў малака і Алена Ільінічна адпаведна 204,1 і 4006 кілаграмаў.
Прыжываецца, калі так можна сказаць, у новым калектыве Наталля Мікалаеўна Каснікоўская. Да гэтага яна працавала на іншай ферме гаспадаркі, пасля была ў дэкрэтным водпуску па догляду за дзіцяці. Цяпер чацвёрты месяц як працуе на вызначаным участку.
На ферме пачаліся масавыя ацёлы кароў. У прафілакторыі ўтрымліваецца 50 цялятак.
Каровам выдаткоўваецца на галаву па 20 кілаграмаў сенажу, які паліваецца разведзенай патакай, 30 — кукурузнага сіласу (раскісляецца мелам).
— Без кармоў не застанемся, — запэўніў суразмоўца. — Крыху не разлічылі, скармілі сянаж, які быў закладзены ў траншэі побач з фермай, завозім з іншых ферм гаспадаркі.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *