27 мая свой юбілей адзначыла жыхарка гарадскога пасёлка, былы сакратар Шаркаўшчынскага раённага камітэта кампартыі Беларускай ССР Ірына Аляксандраўна Аношка. Напярэдадні свята мы наведаліся ў госці да гэтай цудоўнай жанчыны, каб пагутарыць пра гады жыцця і працы, вялікую частку якіх яна прысвяціла станаўленню і росквіту нашага Шаркаўшчынскага раёна.
Сядзіба Ірыны Аляксандраўны і яе мужа Пятра Пятровіча размешчана непадалёк ад узбярэжжа нашай Дзісёнкі. Дом патанае ў квецені яблынь, груш, вішань. Навокал буяюць, пераліваючыся ў промнях сонца, розныя кветкі. На парозе нас ветліва сустрэў гаспадар і запрасіў у дом. Ірыне Аляксандраўне мы загадзя паведамілі пра наш візіт, таму гаспадыня чакала нас.
— Як вы ў такім паважаным узросце знаходзіце сілы, каб трымаць дагледжанымі кветнікі, сад, агарод? — адразу спыталі мы ў Ірыны Аляксандраўны.
— Гэта справа рук майго мужа Пятра Пятровіча. Ён і градкі сам ускапае, і гародніну пасадзіць, і з кветнікамі ўдала спраўляецца.
— Ірына Аляксандраўна, значная частка вашага жыцця прайшла ў нашым раёне. Але, як нам вядома, вы не карэнная шаркаўчанка. Гэта так?
— Нарадзілася я ў вёсцы Пераброддзе, што на мяжы сучасных Міёрскага і Браслаўскага раёнаў. Скончыла пяць класаў польскай школы. Затым, пасля 1939 года вучылася ўжо ў савецкай школе.
— З чаго пачаўся ваш працоўны шлях?
— Ведаеце, усё жыццё я адпрацавала на партыйнай рабоце, а гэта ажно 46 год. Пачынала ў Міёрскім райкаме УЛКСМ, пасля быў райкам КПБ. Камуністычнай партыі нашай краіны былі патрэбныя адукаваныя кадры. Таму мяне накіравалі на вучобу ў Мінскую партыйную школу, на аддзяленне журналістыкі. Затым была вучоба ў Маскоўскай вышэйшай палітычнай школе.
— Месца далейшай працы пасля атрымання адукацыі вы змянілі?
— Пасля роднай Міёршчыны мяне накіравалі ў райкам КПБ Пліскага раёна, цэнтр якога знаходзіўся ў гарадскім пасёлку Падсвілле. Пасля была партыйная работа ў Глыбоцкім і Пастаўскім райкамах кампартыі Беларусі.
— Ірына Аляксандраўна, а як і калі вы трапілі ў Шаркаўшчыну?
— Было гэта ў 1966 годзе. У гэты час згодна з пастановай урада БССР быў адноўлены Шаркаўшчынскі раён. Кіраўніцтва вобласці аказала мне давер стаць сакратаром Шаркаўшчынскага райкама КПБ па ідэалогіі. А першым сакратаром райкама кампартыі Беларусі адноўленага раёна тады быў назначаны Анатолій Георгіевіч Шманцар. З ім я адпрацавала шмат год. Пад кіраўніцтвам Анатолія Георгіевіча ўсе мы, і партыйныя работнікі, і звычайныя працоўныя, прыкладалі максімум намаганняў, каб прывесці ў належны стан і саму Шаркаўшчыну, і сельскія населеныя пункты.
— Напэўна, цяжка было пачынаць?
— Канечне, часам мы сутыкаліся з недаверам людзей, якім не вельмі хацелася мяняць, літаральна кажучы, абыякавы ўклад свайго жыцця. Маўляў, навошта ставіць новы тын каля хаты ці фарбаваць яе. Але гэты пункт погляду ў насельніцтва мы мянялі ў процілеглы бок, і мянялі, у першую чаргу, сваім уласным прыкладам, а не толькі словам. Разам з іншымі жыхарамі кіраўніцтва райкама і райвыканкама выходзіла на суботнікі, займалася штодзённым добраўпарадкаваннем вёсак, вуліц, вытворчых і сацыяльных аб’ектаў. Ведаеце, у хуткім часе гэта дало свой станоўчы плён. Да нас, у Шаркаўшчыну, пачалі прыязджаць для пераймання вопыту ў справе навядзення парадку на зямлі дэлегацыі з іншых раёнаў Віцебскай вобласці і рэспублікі.
— Ірына Аляксандраўна, раскажыце, калі ласка, як вы пазнаёміліся з вашым спадарожнікам жыцця Пятром Пятровічам?
— Было гэта на адным з раённых мерапрыемстваў, дакладна не памятаю, на якім. Я ўбачыла маладога мужчыну, які трымаў у руках газету на польскай мове. Мяне гэта вельмі зацікавіла, і я папрасіла ў яго пачытаць, пра што там напісана, бо мову гэту я добра ведала яшчэ з польскай школы. Так мы з Пятром і пазнаёміліся. Дарэчы, працаваў ён у той час інжынерам па кадрах і старшынёй прафсаюзнага камітэта райсельгастэхнікі. Далей былі спатканні, незабыўныя сустрэчы, якія перараслі ва ўзаемнае каханне, якое мы разам пранеслі праз гады.
— Вось ужо больш пяцідзесяці год вы пражываеце ў Шаркаўшчыне. Як змянілася аблічча нашага гарадскога пасёлка?
— Ні ў якое параўнанне не ідзе той стан райцэнтра, які ў яго быў у сярэдзіне 1960-х гадоў, і якім стаў сёння наш пасёлак над Дзісной. Навокал заасфальтаваныя вуліцы, двары. З ранняй вясны і да позняй восені на клумбах цвітуць прыгожыя кветкі. Сядзібы ў гаспадароў дагледжаныя, маюць прывабны выгляд. Ведаеце, я пільна сачу за навінамі сацыяльна-эканамічнага жыцця рэспублікі, вобласці і раёна. Улада імкнецца да паляпшэння дабрабыту жыхароў краіны. Радуе тая акалічнасць, што калісьці пачатая намі справа прадаўжаецца сёння. Цвёрда ўпэўнена — жыхары Шаркаўшчынскага раёна будуць памнажаць лепшыя здабыткі свайго рэгіёну для будучых пакаленняў.
— Дзякуй, Ірына Аляксандраўна, за змястоўную гутарку. Яшчэ раз віншуем вас з юбілеем!
Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК.
АД РЭДАКЦЫІ: калі матэрыял быў падрыхтаваны да друку, у рэдакцыю прыйшло пісьмо ад Багаславы Пятроўны Васілеўскай з горада Ніжнявартаўска Расійскай Федэрацыі. Вось яго змест: “Я нарадзілася, жыла і працавала ў Шаркаўшчыне. 30 год назад пераехала ў Ніжнявартаўск на працу ў будаўнічы трэст. Я з даўніх часоў сябрую з Ірынай Аляксандраўнай Аношка. Гэта цудоўная жанчына. Людзі старэйшага пакалення добра яе ведаюць і паважаюць. Радзіма высока ацаніла яе працу. Ірына Аляксандраўна ўзнагароджана Ордэнам “Знак Пашаны”, ёй таксама прысвоена званне “Заслужаны работнік культуры БССР”. Ад сябе асабіста віншую Ірыну Аляксандраўну з юбілеем і зычу ёй дабра, шчасця і здароўя!”