Ну хто цяпер у нас не ведае пра паўночнаамерыканскага сурка Філа, які штогод 2 лютага прадказвае, ці надоўга затрымаецца зіма. Згодна з павер’ем, калі разбуджаны сурок, вылезшы з нары, бачыць свой цень і хаваецца назад, то зімы яшчэ не варта чакаць як мінімум паўтара месяца. Вось і сёлета прагнозы Філа наконт ранняга наступлення вясны аказаліся несуцяшальнымі для амерыканцаў, зіма яшчэ затрымаецца ў іх надоўга.
Але, аказваецца, не толькі Філ можа прадказваць надвор’е. Вось на Кузбасе ў ролі метэаролага выступіў сурок Буся, які катэгарычна адмовіўся вылазіць са свайго жытла. З чаго можна зрабіць выснову, што зіма будзе доўгая і ў Кемераўскай вобласці. А ў заапарку Екацерынбурга ролю прадказальніка выканае вушасты вожык Пугаўка. 2 лютага работнікі заапарка прапанавалі яму на выбар дзве талерачкі з ежай, на адной з якіх была прымацавана паперка з надпісам «мароз», на іншай — «сонца». Вожык выбраў «мароз».
Не забудзем, што і ў нашых продкаў было мноства прыметаў для вызначэння надвор’я па паводзінах свойскай жывёлы. Прывядзём некаторыя з іх:
Калі певень заспявае рана, значыць, будзе адліга. Пра тое, што марозы зменіць цяпло сведчыць гагатанне гусака і крык індыка.
Калі гусак хавае дзюбу пад крыло, трэба чакаць халадоў.
Калі вараб’і сярод зімы пачынаюць актыўна збіраць пух і пер’е — цераз некалькі дзён прыціснуць марозы. Сідзяць ціха на будынках ці дрэвах — будзе снег без ветру.
Калі вароны збіраюцца ў зграю, пачынаюць каркаць, трэба чакаць снегу ці марозу. Калі вароны садзяцца на снег — будзе адліга, на вяршыні дрэваў — мароз.
А вось у нямецкім Фрайбургу кошка адправіла вызначаць тэмпературу вулічнага паветра сваіх гаспадароў. Адбылося гэта так: мужчына і жанчына выйшлі на балкон, а кошка тым часам умудрылася неяк скокнуць на дзвярную ручку і зачыніць яе. У выніку гаспадары прастаялі на 11-градусным марозе каля гадзіны, пакуль ім не памаглі вярнуцца ў кватэру пажарныя і паліцыя. Які прагноз зрабілі пасля працяглага знаходжання на марозе гаспадары і што яны сказалі сваёй кошцы, не паведамляецца.
Андрэй БУРЭЦ
