У сувязі з зацвярджэннем сістэмы мер па асноўных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2012 год 2 лютага ў вялікай зале Дома саветаў адбыўся семінар. У яго рабоце прынялі ўдзел намеснікі старшынь райвыканкамаў, адказныя за развіццё эканомікі Шаркаўшчынскага, Міёрскага, Пастаўскага, Браслаўскага і Глыбоцкага раёнаў, начальнікі аддзелаў эканомікі, а таксама прадстаўнікі фінансава-эканамічных службаў прадпрыемстваў, што размешчаны на тэрыторыі названых рэгіёнаў.
На семінары быў разгледжаны шэраг пытанняў, у тым ліку меры дзяржаўнай падтрымкі праектаў, рэалізацыя якіх будзе садзейнічаць развіццю экспартаарыентаванай, імпартазамяшчаючай, інавацыйнай вытворчасці і парадак узгаднення інвестыцыйных дагавораў ад імя Рэспублікі Беларусь. У час сустрэчы былі ўзгаданы асноўныя моманты дзяржаўных і нацыянальных праграм па пытаннях прыцягнення інвестыцый, развіццю экспарта, імпартазамяшчэння і вытворчасці інавацыйнай прадукцыі. Не засталіся без увагі асобныя пытанні мытнага і валютнага заканадаўства. У рабоце семінара прыняў удзел намеснік старшыні камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Канстанцін Эдуардавіч Чорны.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ