Словы падзякі старшыні сельсавета, свяшчэнніку і чытачам бібліятэкі

Актуальное

«Вырашае ўсе нашы праблемы»
Жыхарка вёскі Сынадворцы патэлефанавала ў рэдакцыю, каб ад імя ўсіх насельнікаў дадзенага населенага пункта падзякаваць старшыні Більдзюжскага сельсавета Наталлі Уладзіміраўне Драбовіч за ўважлівыя адносіны да іх праблем і клопатаў. «Усе пытанні, з якімі мы звяртаемся да Наталлі Уладзіміраўны, яна выконвае, ніколі не адмовіць, — расказвае жанчына. — Узнікла праблема з брыкетам, яна дапамагла рашыць яе вельмі хутка. І ўвогуле, заўсёды сочыць за тым, каб усё ў нас было ў парадку: каб дарога своечасова чысцілася ад снегу, каб аўтамагазін наведваў, каб святло гарэла ў нас на вуліцах. Адным словам, Наталля Уладзіміраўна — чалавек з вялікай літары і займае сваю пасаду па праву».

«Яго прыезд — заўсёды радасная падзея»
Нам патэлефанавала медсястра аддзялення кругласутачнага знаходжання для людзей пажылога ўзросту ў Дзікеве Надзея Рыгораўна Брэская з тым, каб выканаць просьбу яго жыхароў. «У які пакой сёння не заходзіла, усюды мяне прасілі, каб падзякавала праз раённую газету свяшчэнніку Пятру Бараноўскаму. Ён часты госць у нашай установе, наведвае нас на кожнае важнае рэлігійнае свята з падарункамі і блаславеннем, таксама спавядае пажылых людзей. Пры гэтым не робіць дзялення на праваслаўных і католікаў. Кожны пачуе ад яго добрае слова і атрымае духоўную падтрымку. Вось і цяпер ён наведаў нас перад святам Хрышчэння Божага, асвяціў ваду, павіншаваў са святам. Жыхары аддзялення заўсёды сустракаюць яго прыезды з радасцю, ён заўсёды дапамагае пажылым людзям адчуць святочны настрой».
Падрыхтаваў Андрэй БУРЭЦ

У кніжным храме
Патэлефанавала ў рэдакцыю раённай газеты “Кліч Радзімы” бібліятэкар Малонкаўскай бібліятэкі Людміла Карнееўна МАЦКЕВІЧ. Вось што яна паведаміла: “Чытачоў нашай бібліятэкі больш за ўсё цікавіць новая, папулярная літаратура. На жаль, з-за фінансавага крызісу мы не можам часта папаўняць кніжны фонд. На выручку прыходзяць чытачы. Нядаўна Яўгенія Мікалаеўна Федуковіч падарыла бібліятэцы 30 кніг. А ўвогуле яна папоўніла наш фонд  мастацкай літаратурай да 100 экзэмпляраў.
А Глафіра Іванаўна Шычко пастаянна прыносіць у дар падшыўкі часопісаў расійскіх выданняў. Хочацца ім выказаць сардэчную падзяку ад сябе асабіста і ад нашых чытачоў”.
Падрыхтавала Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *