«За адно даенне мы атрымліваем з нашага гурта, у якім 139 кароў, амаль дзве з паловай тоны малака»

Сельское хозяйство

механізатар Валерый Лонскі, пастух Віктар Сіпко і даяркі Аксана Сівіцкая, Наталля Пука, Аксана Кудраўцава
механізатар Валерый Лонскі, пастух Віктар Сіпко і даяркі Аксана Сівіцкая, Наталля Пука, Аксана Кудраўцава

На малочнатаварнай ферме “Наваселле” ААТ “Агратэхсэрвіс” утрымліваецца 431 галава дойнага статка. У летні перыяд яны падзелены на тры гурты і выпасваюцца на пашы. Каля аднаго з іх мы пабывалі на мінулым тыдні падчас абедзеннага даення, якое пачынаецца тут у 12 гадзін. Перад тым, як прыехалі на поле даяркі, мы крыху пагутарылі з пастухом Віктарам Сіпко. Малады хлопец пасля школы атрымаў спецыяльнасць тэхніка-асемянатара і зараз працуе ў гаспадарцы на адной ферме разам з маці Людмілай Пятроўнай Сіпко. Дарэчы, яна з’яўляецца загадчыцай МТФ. Змяняюць Віктара два напарнікі — пастухі Юрый Ардынскі і Андрэй Пука.

Роўна ў 12 гадзін да кароў пад’ехаў трактар з даяркамі. Без прамаруджвання механізатар Валерый Лонскі падключыў даільную ўстаноўку і аператары машыннага даення ўзяліся за справу. Па чарзе жанчыны раздойвалі кароў і напаўнялі сырадоем падрыхтаваныя бітоны.

— За адно даенне мы атрымліваем з нашага гурта, у якім 139 кароў, амаль дзве з паловай тоны малака, — расказала нам даярка Аксана Савіцкая. — Разам са мной яшчэ працуюць Наталля Пука і Аксана Кудраўцава. Цяпер самая спрыяльная пара, калі павышаюцца надоі, бо менавіта ад колькасці надоенага малака залежыць памер і нашага заробку, і заробку пастухоў.

Мы даведаліся, што за мінулы месяц у лідары сярод даярак МТФ “Наваселле” выйшла Наталля Пука. За май жанчына змагла атрымаць 21 тону 334 кілаграмы малака са свайго гурта. А гэта 129 працэнтаў да адпаведнага перыяду 2016 года. У Аксаны Кудраўцавай крыху ніжэйшы паказчык. Яна надаіла 18 тон 450 кілаграмаў. А Аксана Савіцкая атрымала за май 17 тон 500 кілаграмаў малака.

Цяпер з-за недахопу ападкаў і перасохшай глебы травастой на пашах не вельмі добры. Будзем спадзявацца, у хуткім часе пройдуць дажджы і трава падрасце, каб павялічыліся надоі ў сельгаспрадпрыемствах.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *