У вёсцы Жылінскія ў чэрвені прайшоў 6-ы міжнародны чэмпіянат па касьбе “Жылінскія сенакосы”. Усяго за званне лепшых касцоў змагаліся звыш за 30 удзельнікаў. Былі сярод іх і прадстаўнікі Шаркаўшчынскага раёна: Аляксандр Андзілеўка з Верацеяў і Валянціна Градзюшка з Лужкоў. Прыемна адзначыць, што яны годна прадставілі наш раён і сталі пераможцамі. Аляксандр падчас 5-гадзіннага “марафона” выкасіў 45 сотак (больш за палову футбольнага поля), што з’яўляецца рэкордным рэзультатам. А Валянціна паказала лепшы вынік сярод жанчын — скасіла 20 сотак. Шаркаўчане ўзнагароджаны кубкамі, граматамі і грашовымі прэміямі.
—Удзельнічаю ў дадзеных спаборніцтвах ужо трэці год, — расказвае Аляксандр Андзілеўка, — у мінулым годзе заняў трэцяе месца. А сёлета дапамог вопыт, які атрымаў падчас леташняй паездкі на спаборніцтвы касцоў у Якуцію, дзе касіць давялося на працягу 8 гадзін. У гэты раз нарэшце угаварыў паўдзельнічаць у спаборніцтвах у Жылінскіх і сваю былую аднакласніцу. І не дарма —Валянціна заняла першае месца. Цяпер у планах удзел у спаборніцтвах, якія пройдуць у Брэсцкай вобласці.
А трэніроўкі Аляксандру хапае. У гаспадарцы трымае карову і каня, якім трэба нарыхтаваць на зіму 7 тон сена. А косіць ён, як дзяды і прадзеды, выключна ўручную.
—Касьба, асабліва традыцыйная, выдатна развівае ў чалавека вынослівасць, — адзначае арганізатар чэмпіяната Пётр Кароль, — гэта практыкаванне для ўсіх груп мышцаў. А трэніроўкі адбываюцца на прыродзе, дзякуючы чаму адчуваеш еднасць з роднай зямлёй. Сярод удзельнікаў вельмі многа прадстаўнікоў моладзі, што вельмі радуе. Сёлета наведалі і паўдзельнічалі ў нашым чэмпіянаце нават прадстаўнікі з Кітая.
Андрэй БУРЭЦ.











