Нам цяжка нават уявіць свет, у якім няма кнігі. Да яе мы прывыклі з самага дзяцінства, яна раскрывала перад намі дзіўныя таямніцы жыцця і давала карысныя парады ў цяжкую хвіліну, вучыла нас разумець саміх сябе.
Праходзілі вякі, адыходзілі ў нябыт пакаленні, знікалі магутныя дзяржавы, а кніга — вялікае цуда, створанае чалавечым розумам — жыла, хвалявала сэрцы, абуджала думку.
2017 год — знакавы для беларускага кнігадрукавання. 500 год таму назад намаганнямі Францыска Скарыны была надрукавана першая на ўсходнеславянскіх землях кніга. Дзякуючы гэтаму, кніга як галоўная крыніца ведаў і шматвяковай мудрасці стала шырокадаступнай, што значна паспрыяла распаўсюджванню асветы і развіццю адукацыі ў Беларусі.
У пачатку лета ў Радзюкоўскім сельскім Доме культуры прайшла прэзентацыя кнігі “Одум” Мікалая Мікалаевіча Грабянька.
Яна была выдадзена ў 2016 годзе ў мінскім выдавецтве «Колаград» і змяшчае празаічныя, паэтычныя, гумарыстычныя творы. “Одум” — гэта думкі, разважанні, роздум аўтара пра мудрасць і красу маленства, веліч вобразаў бацькі і маці.
Кніга складаецца з трох раздзелаў. У першым “На хвалях маёй памяці” змяшчаюцца творы пра бацькаву хату, родных людзей. У апавяданні “Адар’іна гара” аўтар з любоўю апісвае маляўнічыя краявіды свайго дзяцінства. Раздел “Паэтычныя абразкі” ўключае вершы пра родны край, родных людзей.
На сцэне вершы паэта “Ода маці” і “Бацьку” прадэкламавалі вучні Радзюкоўскай базавай школы Анастасія Віткоўская і Аляксандра Вараб’ёва.
“З гумарам па жыцці” — апошні раздзел кнігі, які складаецца з гумарэсак. Вядома, што пачуццё гумару і жарты ў паўсядзённым жыцці чалавека адыгрываюць значную ролю. А каб у гэтым упэуніліся гледачы, вучні мясцовай школы падрыхтавалі сцэнкі паводле гумарэсак аўтара.
Калісьці паэтка Людміла Тацьянічава сказала, што, адкрываючы новую кнігу паэта, адчуваеш пачуццё, падобнае на пачуццё пры сустрэчы з незнаёмым горадам. Так і з кнігай Мікалая Грабянка, якая нагадвае нам ціхія вулачкі мілага і добрага горада, працятага шчырасцю перажыванняў. І ты павольна ідзеш па вулачках гэтага паэтычнага гарадка і адчуваеш настрой аўтара, радуешся або сумуеш разам з ім.
Аднавяскоўцы з задавальненнем не толькі чытаюць творы аўтара, але і ўключаюць іх у канцэртныя праграмы мастацкай самадзейнасці. Так, Тэрэза Странчэўская прачытала гумарэскі “Міграцыя і эміграцыя” і “Рабінзон”.
Пасля чаго на сцэну запрасілі самога аўтара. Мікалай Мікалаевіч зазначыў, што натхненне для напісання твораў яму надае сям’я, ад сваіх родных ён атрымлівае падтрымку і разуменне. Радуе свайго дзядулю выдатнымі поспехамі ў вучобе ўнук Мікіта. Не так даўно ён скончыў Шаркаўшчынскую дзіцячую школу мастацтваў. Мікіта прыгожа спявае і нават піша музыку да некаторых вершаў дзядулі.
Творчае мерапрыемства стала добрым падарункам да дня нараджэння пісьменніка Мікалая Грабянька.
Дапамаглі яму правесці прэзентацыю кнігі работнікі Радзюкоўскага СДК, бібліятэкар Валянціна Абрамава і вучні Радзюкоўскай БШ.
Алена АНАНІЧ.