Паспяхова паўдзельнічалі шаркаўчане ў абласным этапе школьных алімпіяд — у іх 7 дыпломаў

Молодежь

Завершаны абласны этап рэспубліканскай алімпіяды школьнікаў. Удзел у ім прымала і каманда вучняў з нашага раёна ў складзе 10 чалавек. Шаркаўшчынскі край прадстаўлялі вучні з СШ № 1 і СШ № 2, Германавіцкай, Лужкаўскай сярэдніх школ і Іёдскай СШ-сада. На вобласці яны трымалі іспыты па сямі прадметах школьнай праграмы. У выніку юныя шаркаўчане атрымалі сем дыпломаў — на два больш, чым у мінулым годзе. На рахунку нашых школьнікаў адзін дыплом першай ступені, тры дыпломы — другой і тры — трэцяй ступені. Як адзначыў галоўны спецыяліст раённага аддзела адукацыі Б. М. ТУМАШЭВІЧ, каманда шаркаўшчынскага краю дастойна прадставіла наш раён, прадэманстравала лепшыя рэзультаты ў параўнанні з нашымі суседзямі і некаторымі іншымі рэгіёнамі і ў выніку стала шостай сярод 21 раёна вобласці.
Першае месца ў выпрабаваннях па беларускай мове заняла вучаніца 11 класа Германавіцкай сярэдняй школы Ірына Лагун. Дзяўчына прымала ўдзел у абласных іспытах і ў мінулым годзе, тады ў яе было другое месца па гэтаму ж прадмету. Так што сёлета вынікам карпатлівай вучнёўскай працы стала заканамернае “золата”. А дапамагла ёй дасягнуць такога высокага рэзультата настаўніца беларускай мовы Анна Эдуардаўна Давідзян. Трэба адзначыць, што Ірына прывезла з вобласці і яшчэ адзін дыплом — заняла другое месца па нямецкай мове. Падрыхтавала яе да іспытаў па гэтаму прадмету настаўніца замежнай мовы Марына Аўгусцінаўна Кагалеўская.
Таксама дыпломамі другой ступені адзначаны дзесяцікласнік СШ № 1 Яўген Гарбузаў — па рускай мове і адзінаццацікласніца гэтай жа навучальнай установы Анастасія Атрахімовіч — па грамадазнаўству. Дапамаглі ім дасягнуць такіх вынікаў настаўнікі Рамуальда Антонаўна Бацвінёнак і Лілія Аляксандраўна Касарэўская.
Дыпломы трэцяй ступені атрымалі вучаніца 8 класа Лужкаўскай СШ Яна Салькевіч — па матэматыцы, дзесяцікласнік СШ № 1 Яўген Гарбузаў — па англійскай мове (адзначым, што на рахунку юнака таксама два дыпломы) і вучань 11 класа Іёдскай СШ-сада Уладзімір Цітовіч — па гісторыі. Рыхтавалі іх да алімпіяды настаўнікі Вячаслаў Альфрэдавіч Ластаўка (Лужкаўская СШ), Аляксандр Авімавіч Кандрацьеў (СШ № 1) і Вадзім Раманавіч Казлоўскі (Іёдская СШ-сад).
Прадстаўнікі нашага раёна ў складзе абласной каманды прымуць удзел у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды.
Людміла ЛАТЫШОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *