Лепшым грамадскім эколагам Віцебшчыны стала шаркаўчанка — настаўніца біялогіі Аксана Паўлаўна Пачэпка

Актуальное Молодежь

IMG_2645 (Копировать)Віцебскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя падвёў вынікі штогадовага абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу на лепшага грамадскага эколага. У ім прымалі ўдзел  аматары прыроды з усіх гарадоў і раёнаў вобласці. Лепшым грамадскім эколагам Віцебшчыны ў гэтым годзе стала шаркаўчанка, настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 2 нашага гарадскога пасёлка Аксана Паўлаўна Пачэпка —  грамадскі эколаг Шаркаўшчынскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.  Яе матэрыялы накіраваны ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя для ўдзелу ў рэспубліканскім этапе конкурсу.

Можна колькі заўгодна ахоўваць прыроду, але калі не далучаць да гэтай работы дзяцей, у гэтым не будзе ніякага сэнсу, упэўнена лепшы грамадскі эколаг Віцебшчыны. У Шаркаўшчынскай сярэдняй школе № 2 пад кіраўніцтвам Аксаны Паўлаўны  дзеці знаёмяцца з прыродай роднага краю, вывучаюць яе таямніцы, пазнаюць асаблівасці, праводзяць свае школьныя  даследванні, вывучаюць экалагічныя праблемы нашага рэгіёну і знаёмяць з імі мясцовых жыхароў. У школе працуюць два экалагічныя клубы: “Зялёны патруль” і “Крылаты дазор”.

Сваіх юных эколагаў Аксана Паўлаўна далучыла да ўдзелу ў праектах Еўрапейскага саюза Праграмы развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь “Садзейнічанне развіццю ўсёабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь” і “Малыя рэкі – вялікія праблемы: працуем разам над аховай і будучым малых рэк басейна ракі Дзісна”. Названыя праекты зацікавілі шмат людзей, а паспяховае выкананне пастаўленых задач дазволіла школе № 2 атрымаць  заветны статус “Зялёная школа” і дыплом другой ступені.

Актуальнай для нашага раёна застаецца праблема забеспячэння насельніцтва чыстай пітной вадой. Эколагі Шаркаўшчынскай СШ № 2 звярнулі на яе самую пільную ўвагу.Было абследавана 68 крыніц пітнога водазабеспячэння на ўтрыманне нітратаў і нітрытаў. Рэзультаты паказалі наступнае: вада ў 18 калодзежах утрымлівае нітраты ў канцэнтрацыі значна большай за санітарныя нормы. Гэтай інфармацыяй дзеці і іх педагог падзяліліся з мясцовымі жыхарамі і далі парады па догляду за месцамі ўтрымання вады.

А яшчэ Аксана Паўлаўна  —  ў ліку ўдзельнікаў грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Разам з іншымі прадстаўнікамі гэтай арганізацыі яна ўдзельнічае ў акцыях і кампаніях: праводзіць назіранні за птушкамі, вядзе ўлік шэрага жураўля, майструе і распаўсюджвае гняздоўі  для птушак, далучае да гэтай работы дзяцей. З 2015 года настаўніца біялогіі яшчэ і захавальніца балота Ельня – тэрыторыі, свабоднай для птушак.

Можна любіць прыроду, назіраць за ёй, не забруджваць навакольнае асяроддзе, актыўна ўдзельнічаць у шматлікіх акцыях і праектах на  экалагічную тэматыку. А  яшчэ, добра разумеючы значнасць экалагічных праблем у грамадстве, можна далучыць да такой цікавай, захапляльнай і, безумоўна,  патрэбнай дзейнасці па вывучэнні прыроды роднага краю дзяцей. Расказаць ім пра ўнікальнае для ўсёй нашай краіны балота Ельня, якое так важна захаваць, пазнаёміць з яго раслінным і жывёльным светам. Адарваць шаркаўшчынскіх  вучняў  ад гаджэтаў, камп’ютараў і мабільных тэлефонаў і навучыць бачыць прыгажосць, якая зусім побач.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.IMG_2666 (Копировать) IMG_2668 (Копировать)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *