Вучоба на пажарнага-выратавальніка. Як зрабіць першы крок і стаць абітурыентам

Актуальное

Кім быць? Куды пайсці вучыцца? Такія пытанні ўжо зараз хвалююць будучых выпускнікоў школ раёна і іх бацькоў. Сярод хлопцаў і дзяўчат ёсць тыя, хто мараць стаць пажарнымі-выратавальнікамі. Пра тое, як рабіць першыя крокі па ажыццяўленні мары, расказвае намеснік начальніка РАНС  Валерый Міхайлавіч ЛІПСКІ.
— Ужо зараз трэба вырашыцца з паступленнем. Калі ў вас ёсць жаданне стаць пажарным-выратавальнікам, трэба пачынаць дзейнічаць. Адразу трэба звярнуцца у РАНС, дзе можна атрымаць усю неабходную інфармацыю. У краіне ёсць дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы, якія рыхтуюць спецыялістаў для  працы ў органах па надзвычайных сітуацыях: Камандна-інжынерны інстытут МНС (г. Мінск) і Гомельскі інжынерны інстытут МНС.  ВНУ прымаюць юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 17 да 25 гадоў. Тэрмін навучання — 4 гады. Навучанне праводзіцца на бюджэтнай і платнай асновах. Тэрмін падачы заяў — да 1 мая.
Пры залічэнні курсанты атрымліваюць поўнае дзяржаўнае забеспячэнне: харчаванне, форменнае адзенне, пражыванне, стыпендыю, медыцынскае абслугоўванне. Тыя маладыя людзі, якія паступілі ў названыя ВНУ, здымаюцца з вайсковага ўліку, а тэрмін навучання залічваецца  ў тэрмін службы ва Узброеных Cілах. Пасля заканчэння інстытута выпускнікам выдаецца дыплом дзяржаўнага ўзору аб заканчэнні ВНУ з прысвойваннем кваліфікацыі “Інжынер па папярэджанню і ліквідацыі надзвычайных сітуацый”, прысвойваецца спецзванне “лейтэнант унутранай службы”. Выпускнікам гарантуецца 100-працэнтнае  працаўладкаванне, годная заработная плата, забеспячэнне форменым адзеннем.
Дадаткова з навучаннем у названых ВНУ можна знайсці занятак па душы — удзел у навуковай рабоце, трэніроўкі ў спартыўных секцыях. Курсанты праходзяць бясплатнае навучанне кіраванню легкавым аўтамабілем і атрымліваюць вадзіцельскае пасвечанне.
Каб стаць абітурыентам трэба звярнуцца ў Шаркаўшчынскі РАНС і падаць заяву на паступленне. Пасля гэтага давядзецца  прайсці ваенна-урачэбную камісію на прадмет прыдатнасці для паступлення ў навучальныя ўстановы МНС. Наступны этап — прафесійны адбор, здача нарматываў па фізічнай падрыхтоўцы. Пасля праходжання прафесійнага адбору абітурыенты здаюць уступныя экзамены па беларускай (рускай) мове, фізіцы і матэматыцы ў форме цэнтралізаванага тэсціравання.
Акрамя таго, школьнікі могуць паступаць у ліцэй Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У названую ўстанову прымаюцца хлопцы, якія завяршылі навучанне ў 6 класе. Прыём у ліцэй для атрымання базавай і сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца па конкурсу — згодна з вынікамі ўступных іспытаў і пры адсутнасці супрацьпаказанняў да навучання ў ліцэі.
Матэрыял падрыхтаваў Аляксандр БАРЫЛА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *