У дзіцячай бібліятэцы прайшло мерапрыемства, прысвечанае 135-годдзю Янкі Купалы

Актуальное

IMG_3966Сёлетні год адметны на юбілейныя даты, звязаныя з беларускай літаратурай. Ва ўстановах культуры праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Адзначаецца 135-годдзе з дня нараджэння класікаў айчыннай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы.

6 ліпеня ў дзіцячай бібліятэцы адбылося пасяджэнне літаратурнага аб’яднання “Жывое слова”. Асноўнай тэмай гутаркі стаў юбілей песняра беларускай зямлі Янкі Купалы. Творчасць паэта цалкам прасякнута любоўю да Радзімы, прыроды, да свайго народа. Пясняр нарадзіўся і жыў у той час, калі беларускія сяляне былі беднымі, беззямельнымі, знаходзіліся пад прыгнётам паноў і шляхты. У сваіх творах Купала заклікаў землякоў-беларусаў да барацьбы з гэтым цяжарам, які ляжаў на плячах нашых продкаў.

“…Я адплаціў народу,

Чым моц мая магла:

Зваў з путаў на свабоду,

Зваў з цемры да святла…”

Так напісаў пісьменнік у адным са сваіх твораў, цвёрда ведаючы, што рана ці позна, але пакутніцкі шлях Беларусі будзе скончаны.

Менавіта пра жыццё паэта, яго творчасць і расказвала дзецям работнік бібліятэкі Людміла Казіцкая падчас мерапрыемства. Удзельнікі пранікнёна чыталі вершы Купалы, аналізавалі іх, выказвалі сваё бачанне па пачутых творах. Затым кожны на паперы намаляваў кветкі, якія найбольш падабаюцца. У купальскую ноч, як вядома, расліны надзяляюцца цудадзейнай сілай. Таму дзеці, намаляваўшы свае кветкі, загадвалі самыя запаветныя мары і жаданні, з надзеяй, што яны абавязкова збудуцца. У асноўным, хлопчыкі і дзяўчынкі малявалі кветку-сімвал нашай сінявокай Беларусі — васілёк. На адным з малюнкаў нават стаяў подпіс: “…І тчэ, забыўшыся, рука заміж пярсідскага ўзора цвяток радзімы васілька”. Гэта радкі другога беларускага класіка Максіма Багдановіча — сучасніка Янкі Купалы.

На мерапрыемства яго ўдзельнікі прынеслі купальскія вянкі. Узяўшыся за рукі, выконваючы беларускія народныя песні, хлопчыкі і дзяўчынкі рушылі на ўзбярэжжа ракі, каб, загадаўшы жаданне, кінуць сплеценыя зёлкі ў ваду. Магчыма, што іх мары збудуцца, бо Купалле — свята чароўнае, поўнае загадак і таямніц.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_3943 IMG_3950 IMG_3952 IMG_3956 IMG_3961 IMG_3963 IMG_3968 IMG_3970 IMG_3987 IMG_3995 IMG_3997 IMG_3998 IMG_4003



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *