Сёлета ААТ «Буеўшчына» набыло новы камбайн “Палессе” GS-12

Сельское хозяйство

камбайнёр ААТ “Буеўшчына” Андрэй Посны
камбайнёр ААТ “Буеўшчына” Андрэй Посны

У адкрытым акцыянерным таварыстве “Буеўшчына” сёлета трэба ўбраць 1621 гектар зерневых культур, а таксама 286 гектараў рапсу. На лінейцы гатоўнасці маецца сем зернеўборачных камбайнаў. Сёлета сельгаспрадпрыемства набыло камбайн “Палессе” GS-12. Дарэчы, гэта адзіны новы зернеўборачны агрэгат у раёне, куплены ў сёлетнім годзе. Па рашэнні кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства новы камбайн даручылі механізатару Андрэю Поснаму. Мужчына вылучаецца сярод астатніх калег высокімі маральнымі якасцямі, з адказнасцю адносіцца да выканання сваіх службовых абавязкаў.

Андрэй ужо больш дваццаці год шчыруе ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Пасля атрымання вадзіцельскага пасведчання працаваў на трактарах МТЗ-80, 82. Два гады назад ён атрымаў новы трактар МТЗ-920, на якім выконвае розныя віды работ. Калі прыходзіць час збіраць ураджай, Андрэй перасаджваецца за штурвал камбайна. Шэсць гадоў ён працаваў на КЗС-10. А сёлета яму даручылі новы камбайн.

— Тэхніка адпавядае лепшым аналагам у сваім класе сусветных вытворцаў зернеўборачных камбайнаў па эксплуатацыйна-тэхнічных характарыстыках, — сказаў нам Андрэй. — Пакуль праходжу абкатку новага камбайна на абмалоце аўсянніцы. Нараканняў на працу агрэгата няма, таму мяркую, што і першую зернеўборачную кампанію, якая хутка пачнецца, правяду без перашкод і паломак. Галоўнае, пільна сачыць за тэхнікай і своечасова яе рамантаваць.

Сёлета Андрэй Посны стаў лаўрэатам ганаровага звання “Чалавек года Шаркаўшчыны” па выніках работы за 2016 год. Працу на зямлі ён вельмі любіць, нягледзячы на тое, што трэба рана ўставаць і позна вяртацца дамоў з работы. Але, калі атрымліваеш задавальненне ад вынікаў сваёй справы, то гэта ўсё ідзе ў радасць. Такой думкі і прытрымліваецца Андрэй.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *