Віншаванні з нагоды прафесійнага свята прымалі выратавальнікі-пажарныя

Актуальное

IMG_5052
А. М. Федуковіч віншуе В. К. Кужаля

Яшчэ першабытныя людзі ў старажытнасці навучыліся здабываць агонь, каб гатаваць ежу, абаграваць жытло. Але разам з карысцю агонь нясе і вялікую небяспеку, валодае разбуральнай сілай, якая за кароткі адрэзак часу можа знішчыць людзей, пабудовы, транспартныя сродкі, лясы і іншае. Весці барацьбу з вогненнай стыхіяй вельмі складана. Гэта падуладна толькі смелым, адважным людзям, якія, не шкадуючы ўласнага здароўя, накіроўваюцца ў вогненнае пекла, каб выратаваць чалавечае жыццё.

25 ліпеня ў актавай зале раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае прафесійнаму святу — Дню пажарнай службы. На ім прысутнічалі не толькі супрацоўнікі РАНС, якія цяпер нясуць службу, але і ветэраны органаў падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях.

— Паважаныя калегі, віншую вас са 164-й гадавінай з дня заснавання пажарнай службы нашай краіны, — сказаў у прывітальным слове начальнік Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Мечыслававіч Федуковіч. — Наша прафесія заўсёды была і застаецца ганаровай і паважанай у грамадстве. Гісторыя станаўлення і развіцця Шаркаўшчынскага РАНС мае свае адметныя традыцыі. У нас няма выпадковых людзей. Некаторыя служаць нават сямейнымі дынастыямі, перадаючы вопыт маладому пакаленню.

Як вядома, на кожным прафесійным свяце адзначаецца работа лепшых супрацоўнікаў. Не выключэннем стаў і сёлетні Дзень пажарнай службы. Загадам міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь грамата МНС РБ уручана старшаму інспектару інспекцыі нагляду і прафілактыкі Віктару Кужалю. Граматай абласнога ўпраўлення МНС адзначаны начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 12 в. Варонка Ігар Кавалеўскі. Ганаровая грамата Шаркаўшчынскага райвыканкама ўручана камандзіру аддзялення ПАВЧ № 1 г. п. Шаркаўшчына Івану Зайцаву, Падзяка старшыні райвыканкама — дыспетчару цэнтральнага аператыўнага кіравання Анне Грэцкай. Ганаровай граматай Шаркаўшчынскага раённага Савета дэпутатаў адзначаны вадзіцель ПАВЧ № 1 г. п. Шаркаўшчына Валерый Шчабол. Начальніку пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 13 аг. Лужкі Івану Байкоўскаму ўручаны нагрудны знак “Выдатнік”. Кіраўніцтва райаддзела па надзвычайных сітуацыях не абышло сваёй увагай і тых супрацоўнікаў, якія цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Медалі “Ветэранская падзяка” ўручылі Івану Рыгоравічу Малышу, Мікалаю Пятровічу Еўдакімаву і Сяргею Іванавічу Шошыну.

У гэтым годзе на службу ў Шаркаўшчынскі РАНС заступілі тры маладыя супрацоўнікі. Начальнікам змены ў гарадскім пасёлку стаў працаваць Яўгеній Катовіч, вадзіцелямі пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 13 аг. Лужкі — Дзмітрый Крыўка і Віталій Мандрык. Дзмітрый 25 ліпеня прымаў прысягу ў Віцебскім абласным упраўленні МНС.

Працягам урачыстага мерапрыемства стала наведванне Свята-Успенскай царквы. Супрацоўнікі РАНС паслухалі аповед протаіерэя Пятра Бараноўскага і шаркаўшчынскага мастака Віктара Крука пра гісторыю стварэння храма і жыццёвы шлях Канстанціна Жданава, шаркаўшчынскага святара, далучанага да ліку святых. Штогод 25 ліпеня выратавальнікі наведваюць магілу свайго таварыша па службе Руслана Груніна, які ў маладым узросце заўчасна пайшоў з жыцця. Вось і сёлета да яго магілы прынеслі жывыя кветкі, прысутныя хвілінай маўчання ўшанавалі светлую памяць пра Руслана.

Сяргей РАЙЧОНАК.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *