
Кожную раніцу па сваіх гандлёвых кропках раз’язджаюцца аўтакрамы, іх на тэрыторыі нашага раёна пяць. Як кажуць, само жыццё ўносіць свае карэктывы ў маршруты “магазінаў на колах”. Насельніцтва ў вёсках становіцца ўсё менш, стацыянарныя гандлёвыя кропкі зачыняюцца. Вось і ў нашым раёне населеных пунктаў, вёсак і хутароў, якія абслугоўваюцца з дапамогай аўтамагазінаў, звыш 150. Там пражываюць 3700 чалавек. У ліку тых, хто два разы на тыдзень збіраецца да аўтакрамыі, жыхары вёсак Гуркі, Шкялі, Шышкі, Крапіўнікі, Старое Сяло, Саварына, Папкі, Грыгараўшчына і Зачысцікі. Усе неабходныя прадукты пакупнікам з гэтых населеных пунктаў прывозяць прадавец 4 разраду Святлана Уладзіміраўна Качан і вадзіцель Валянцін Уладзіміравіч Глінскі. Аўтакраму, на якой працуюць Валянцін і Святлана , прадуктамі забяспечвае магазін “Сняжынка”. Валянцін працуе ў сістэме спажывецкай кааперацыі звыш 35 гадоў, працоўны стаж яго маладой калегі — 4 гады, на працягу апошняга года Святлана забяспечвае прадуктамі жыхароў невялікіх вёсак і хутароў.
А самі вяскоўцы, для якіх прыезд «магазіна на колах» гэта заўсёды маленькая падзея, бо ёсць падстава сабрацца разам і абмеркаваць апошнія навіны, пагутарыць пра важнае, не скупяцца на добрыя словы ў адрас работнікаў гандлю. Вось і Марыя Канстанцінаўна Шудзель з вёскі Гуркі, якая ўжо на пенсіі, карэспандэнту раённай газеты расказала наступнае:
— Як і многія мае аднавяскоўцы работай нашага аўтамагазіна задаволена. У нашай Святланы прадукты заўсёды свежыя. Можна загадзя зрабіць заказ — і работнікі аўтамагазіна прывязуць у вёску ўсё, што патрэбна. Асартыментны пералік таксама дастаткова шырокі: усе неабходныя прадукты харчавання ў аўтамагазіне ёсць. Святлана і Валянцін уважлівыя да сваіх пакупнікоў і ветлівыя работнікі, цудоўна ладзяць з людзьмі, мы заўсёды рады бачыць гэты “экіпаж” і іх аўтамагазін у нашай вёсцы. Праз раённую газету віншуем Валянціна Уладзіміравіча і Святлану Уладзіміраўну з Днём работнікаў гандлю і жадаем ім усяго самага найлепшага.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.