Барыс Руткоўскі — чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй

Актуальное

В. І. Ан, Б. Л. Руткоўскі, І. А. Лазовік, Р. А. Більдзюга, С. І. Шошын
В. І. Ан, Б. Л. Руткоўскі, І. А. Лазовік, Р. А. Більдзюга, С. І. Шошын

У вёсцы Болкалы пражывае чалавек, які сваё жыццё прысвяціў ваенна-марской справе і камсамольскай рабоце. Гэта капітан-лейтэнант у адстаўцы Барыс Лявонцьевіч Руткоўскі.

Нарадзіўся ён у 1941 годзе у гэтай жа вёсцы. З дзяцінства Барыс марыў пра неабсяжныя марскія далягляды і высокія блакітныя хвалі. Таму і вучыцца пайшоў у Калінінградскае ваеннае вучылішча. У 1960 годзе трапіў у атрад падводнага плавання імя Кірава, у радыётэхнічную школу горада Ленінграда. Затым былі прысяга, курсанства і далейшае праходжанне службы ў Мурманскай вобласці на падводнай лодцы “С-158”.

— Флоцкае сяброўства — істотны фактар ў пераадоленні маракамі цяжару і нястач, — тлумачыць нам Барыс Лявонцьевіч. — Доўгая па часе служба ў складаных умовах высвятляла моцныя і слабыя бакі кожнага, паказвала, хто на што быў здольны. Таму, калі тут знаходзіў сапраўднага сябра, то гэта было назаўсёды. Такім для мяне быў гідраакустык Анатолій Палудніцын. Наогул, у нашай падлодцы панавала атмасфера высокай адказнасці за выкананне сваіх абавязкаў. За час службы мне давялося прайсці лесвіцу ад курсанта да старшыны каманды радыётэлеграфістаў. У 1964 годзе я быў звольнены ў запас і перайшоў на працу ў вытворчае аб’яднанне “Арктыка” рэгуліроўшчыкам радыёапаратуры. А праз тры гады стаў афіцэрам запасу ў званні лейтэнанта. Удзельнічаў у ваенных зборах і перападрыхтоўках. У 1983 годзе мне было прысвоена чарговае званне капітана-лейтэнанта.

Яшчэ з першых дзён службы на падводнай лодцы Барыс Лявонцьевіч быў выбраны сакратаром камсамольскай арганізацыі. Актыўная грамадзянская пазіцыя маладога камсарга не засталася не заўважанай з боку партыйнага кіраўніцтва горада Северадзвінска. Барыс Лявонцьевіч з’яўляўся кіраўніком камсамольскай арганізацыі на “Арктыцы” з 1966 па 1971 гады. Далейшай прыступкай на кар’ернай лесвіцы нашага земляка стала пасада загадчыка арганізацыйнага аддзела гарадскога камітэта камсамола горада Северадзвінска. Неўзабаве, праз чатыры гады, Барыс Лявонцьевіч на 21-й гарадской справаздачна-выбарнай камсамольскай канферэнцыі выбраны другім сакратаром Северадзвінскага гаркама УЛКСМ, дзе асноўным яго абавязкам стаў ідэалагічны накірунак у рабоце.

— У снежні 1977 года, — прадаўжае наш суразмоўца, — я правёў сваю апошнюю 22-ю гарадскую канферэнцыю і з цяжарам у сэрцы пакінуў гаркам. Здаецца, што да гэтага быў падрыхтаваны, але, тым не менш, атрымалася ўсё неяк быццам бы раптоўна. На змену нам прыйшло новае пакаленне, з новымі падыходамі да работы, іншымі прыярытэтамі.

Некалькі год назад Барыс Лявонцьевіч вярнуўся на пастаяннае месца жыхарства — у бацькоўскі дом, дзе нарадзіўся, вырас і з якога выйшаў на шырокую дарогу жыцця. Яго сэрца адчула непераадольную цягу да родных мясцін, да роднага парога.

Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, мужчына прытрымліваецца актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Ён з’яўляецца членам раённага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, прымае ўдзел ў яго пасяджэннях, выступае з канкрэтнымі прапановамі па распрацоўцы планаў і задач райкама КПБ. Зусім нядаўна Барыс Лявонцьевіч уступіў у рады раённага аб’яднання Беларускага саюза афіцэраў.

30 ліпеня адзначаўся дзень ваенна-марскога флоту. І хоць дата не ўнесена ў каляндар дзяржаўных свят нашай краіны, але павіншаваць марака-падводніка з гэтым днём вырашылі кіраўніцтва і прадстаўнікі раённага аб’яднання дадзенай арганізацыі Валерый Інакенцьевіч Ан, Раман Антонавіч Більдзюга, Сяргей Іванавіч Шошын, а таксама аднакласнік Барыса Лявонцьевіча Іван Аляксандравіч Лазовік. Яны ўручылі капітану-лейтэнанту білет члена Беларускага саюза афіцэраў, каштоўны падарунак, выказалі шмат цёплых слоў віншаванняў з нагоды свята і пажадалі трывалага здароўя, якім і павінен быць надзелены сапраўдны марак.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *