Масавая ўборка зерневых культур стартавала ў ААТ “Даватарскі” 5 жніўня. На пшанічным полі каля вёскі Пятровічы хлебаробы сельгаспрадпрыемства правялі Зажынкі.
На лінейцы гатоўнасці стаялі восем зернеўборачных камбайнаў. Уся тэхніка адрамантавана і ўкамплектавана сродкамі пажаратушэння. За кожным камбайнам замацаваны грузавы аўтамабіль. Тут жа, на полі, дзяжурыць і пажарная аўтацыстэрна.
У пачатку ўрачыстасці да хлебаробаў звярнуўся кіраўнік гаспадаркі Мікалай Антонавіч Атопкін.
— Няпростая сёння задача стаіць перад аграрыямі нашага сельгаспрадпрыемства, — сказаў Мікалай Антонавіч. — Нам трэба ўбраць 2001 гектар. Нагрузка на адзін камбайн складае 250 гектараў. Паважаныя хлебаробы, толькі ад вашых сумленных адносінаў да работы залежаць якаснае правядзенне ўборачнай кампаніі і яе завяршэнне ў самыя аптымальныя тэрміны. Цяпер наша асноўная задача — сабраць вырашчанае зерне без страт.
З пачаткам жніва прысутных таксама павіншавалі старшыня Станіславоўскага сельсавета Алена Георгіеўна Сідарчук і галоўны аграном ААТ “Даватарскі” Іна Сяргееўна Касарэўская.
Па запрашэнні кіраўніцтва гаспадаркі на Зажынкі завітаў і дабрачынны цэркваў Шаркаўшчынскай акругі протаіерэй Пётр Бараноўскі.
— Жадаю, каб у гэтай святой справе вам заўсёды дапамагаў Бог, звярнуўся да аграрыяў свяшчэннік, — не ламалася тэхніка, не падводзіла здароўе, а неба дарыла толькі сонечнае надвор’е.
Пасля слоў малітвы Пётр Бараноўскі акрапіў святой вадою хлебаробаў і тэхніку, якая будзе задзейнічана на ўборачнай кампаніі.
Сярод васьмі механізатараў, якія сёлета будуць весці бітву за ўраджай, першы год у дадзенай гаспадарцы працуе Андрэй Корабаў. У мінулым годзе хлопец працаваў у ААТ “Васюкі”, а цяпер шчыруе ў “Даватарскім”.
— Камбайн, на якім мне даручыла працаваць кіраўніцтва гаспадаркі, я падрыхтаваў да ўборачнай загадзя. Памяняў некаторыя запчасткі, змазаў вузлы і агрэгаты, каб не было прастояў з-за паломак. Канечне, буду старацца не адставаць ад сваіх старэйшых калег па ўбраных плошчах і намалочаных тонах. Але лічу, што ў справе ўборкі збожжа хуткасць павінна адступаць на другі план. Галоўнае — весці абмалот зерневых без страт.
Сяргей РАЙЧОНАК.



















