Камбайнер ААТ “Агратэхсэрвіс” Алег Лук’янёнак — адзін з лідараў сёлетняга жніва

Сельское хозяйство

485У адкрытым акцыянерным таварыстве  “Агратэхсэрвіс” сёлета трэба ўбраць 2.458 гектараў зерневых і зернебовых культур. Па стане на 14 жніўня збожжа абмалочана на плошчы 989 гектараў, што складае 40 працэнтаў. Сярод дзесяці камбайнераў, якія задзейнічаны на жніве, стараннай працай вылучаецца Алег Лук’янёнак.

Мужчына адразу пасля службы ў арміі стаў працаваць у сельскай гаспадарцы. Спачатку ён убіраў збожжа на камбайне “Ніва”, затым былі “Ліда”, “Дон-1500”. А цяпер чацвёрты сезон Алег абмалочвае зерневыя на КЗС-1218. У сельгаспрадпрыемстве камбайнер працуе другі год.

— Умовы работы ў нас добрыя, — кажа камбайнер. — Нават калі стаіць спякотнае надвор’е, у кабіне працуе кандыцыянер, адчуваецца прахалода. Беларуская тэхніка, на якой працую, не падводзіць — прастою з-за паломак няма.

Як паведамілі нам у бухгалтэрыі сельгаспрадпрыемства, Алег Лук’янёнак на раніцу 14 жніўня ўбраў зерневыя культуры з плошчы 207 гектараў і намалаціў 519 тон. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў не толькі ў гаспадарцы, але і сярод іншых камбайнераў сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна. Сёлета Алег спадзяецца, што па намалоце дасягне тысячнага рубяжа. Пажадаем яму поспехаў у дасягненні гэтай мэты!

Сяргей РАЙЧОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *