Рэпартаж з уборачнай у КУВСП «Гарадзец»

Сельское хозяйство

IMG_6144Паўсюдна на хлебных нівах гаспадарак раёна, нібы караблі па воднай гладзі, “плывуць” камбайны, збіраючы вырашчаны хлеб. Цяпер у працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў на рахунку кожная хвіліна.

У КУВСП “Гарадзец” сёлета трэба ўбраць збожжа на плошчы 2041 гектар. Аб’ёмы вельмі вялікія, і ў гаспадарцы разумець, што працаваць трэба аператыўна. Як толькі на палетках спадзе ранішняя раса, камбайнеры пачынаюць уборку і працягваюць яе да самага змяркання. Сярэдняя ўраджайнасць складае больш 25-ці цэнтнераў з гектара.

— У гэтым годзе плануем атрымаць каля пяці тысяч тон збожжа, — кажа нам намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце сельгаспрадпрыемства Наталля Катушонак. — Па стане на 17 жніўня ў засекі адправілі 2682 тоны зерня ўраджаю 2017 года. Цяпер праводзім абмалот азімых зерневых. На падыходзе ўборка і яравых культур.

15 жніўня мы наведалі гаспадарку, каб убачыць, як ідзе ўборачная кампанія ў “Гарадцы”. У той дзень камбайнеры абмалочвалі азімы трыцікале на 60-гектарным полі каля вёскі Рубашкі. Пяць адзінак КЗС-1218 рухаліся адзін за другім, напаўняючы бункеры залацістым збожжам. Падчас абедзеннага перапынку да механізатараў прыехалі намеснік кіраўніка гаспадаркі Наталля Катушонак і самадзейныя артысты з Дворнаўскага сельскага Дома культуры — Святлана Прахаронак і Валянціна Якубёнак. Камбайнеры і вадзіцелі спынілі сваю тэхніку, каб, падсілкаваўшыся смачным абедам і паслухаўшы вясёлыя песні, зноў пачаць працу.

Па стане на 14 жніўня лепшых вынікаў сярод камбайнераў па намалочаных тонах збожжа дасягнуў Юрый Урублеўскі. Ён адправіў у дзяржаўныя засекі 568 тон зерня. Дарэчы, гэты паказчык адзін з лепшых у раёне. Вадзіцель Дзмітрый Багамолаў, які працуе на грузавым аўтамабілі МАЗ-555, перавёз ад камбайнаў 499 тон зерня. Наталля Катушонак павіншавала перадавікоў, пажадала ім плённай працы і ўручыла памятныя падарункі.

Загадчыца Дворнаўскага СДК Святлана Прахаронак разам з салісткай гуртка клубнай установы Валянцінай Якубёнак выканалі некалькі песень, тым самым узнялі настрой хлебаробам “Гарадца” на жніўным полі. Шмат год на зернеўборачным камбайне працуе Аляксандр Каснікоўскі. Ён з’яўляецца не толькі перадавым работнікам, але яшчэ і таленавітым баяністам. Для сваіх калег-хлебаробаў Аляксандр, узяўшы ў рукі баян, праспяваў некалькі песень. Дапамагаў Аляксандру другі камбайнер — Мікалай Прахаронак. Мужчыны разам мілагучна праспявалі славутую “Малінаўку”, чым і парадавалі хлебаробаў.

Адна справа — сабраць вырашчаны ўраджай, а другая — перапрацаваць і захаваць яго. Прыёмкай збожжа ў гаспадарцы на зернетаку займаецца працоўны калектыў, якім кіруе Наталля Сідаровіч.

— На сённяшні дзень у нас працуюць тры зернесушылкі: дзве на дровах, адна — на пячным паліве, — кажа Наталля. — Зерне з поля паступае з вільготнасцю 20—25 працэнтаў. У рабочым працэсе ў нас задзейнічаны 12 чалавек і тры адзінкі тэхнікі. Ручная праца амаль адсутнічае. Гэта дазваляе своечасова высушыць і перачысціць збожжа, засыпаць яго частку на насенны фонд, на корм жывёле і на рэалізацыю дзяржаве.

Плённую працу работнікаў на зернетаку на некалькі хвілін спынілі ўдзельнікі народнага ансамбля “Лужкаўскія песняры”, каб вітаць віншаваннямі, песнямі і прыпеўкамі хлебаробаў.

— Дзякуй вам, паважаныя вяскоўцы, за вашу нялёгкую працу, — з такімі словамі звярнулася да работнікаў намеснік дырэктара гаспадаркі Наталля Катушонак. — Ад вас залежаць дабрабыт нашай гаспадаркі, яе прыбыткі, бо асноўная задача цяпер — своечасова, хутка і якасна сабраць вырашчаны ўраджай. І вы гэту задачу выконваеце.

Намеснік дырэктара павіншавала загадчыцу склада Наталлю Сідаровіч, якая 19 жніўня, адзначыць свой дзень нараджэння. Уручыла падарунак і выказала шмат цёплых слоў у яе адрас. Невялікія падарункі ад імя кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства Наталля Катушонак уручыла ўсім работнікам, хто задзейнічаны на зернетаку.

Час прыспешваў, на адпачынак у хлебаробаў не засталося ні хвіліны. Таму пасля атрыманых падарункаў і праслуханых песень, работнікі “Гарадца” дружна ўзяліся за працу.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_6138 IMG_6157 IMG_6160 IMG_6177 IMG_6178 IMG_6180 IMG_6183 IMG_6188 IMG_6191 IMG_6196 IMG_6202 IMG_6203 IMG_6214 IMG_6223 IMG_6225 IMG_6228 IMG_6229 IMG_6232 IMG_6236 IMG_6237 IMG_6242 IMG_6249 IMG_6250

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *