Штогод напрыканцы студзеня і ў лютым аддзелам культуры райвыканкама праводзіцца агляд-конкурс калектываў мастацкай самадзейнасці клубных устаноў раёна. Мэты і задачы, якія ставяць перад сабой спецыялісты творчай сферы дзейнасці, заключаюцца найперш у выяўленні новых калектываў і асобных выканаўцаў, развіцці аматарскай мастацкай творчасці і традыцыйнай культуры, удасканаленні работы сельскіх устаноў культуры па забеспячэнні высокага ўзроўню і якасці арганізацыі вольнага часу насельніцтва і — што вельмі важна — у захаванні і зберажэнні мясцовых музычных і песенных традыцый.
Кампетэнтнае журы ацэньвае выканаўчае майстэрства і сцэнічную культуру, выкарыстанне мясцовых традыцый і асаблівасці музычных твораў, выкананне ўсіх умоў агляду-конкурсу. Рабіць канчатковыя вынікі пакуль яшчэ рана. Аднак варта сказаць, што літаральна кожная ўстанова культуры вызначаецца своеасаблівым падыходам у раскрыцці мясцовых талентаў, прадстаўляючы на суд гледачоў і журы арыгінальныя творчыя справаздачы.
29 студзеня супрацоўнікі метадычнага цэнтра і аддзела культуры пабывалі ў Пашкоўскім, Лужкаўскім дамах культуры і Верацееўскім цэнтры культуры і адпачынку. Не сакрэт, што работнікам творчай прафесіі ў сельскай мясцовасці ў сваёй дзейнасці падчас даводзіцца сутыкацца з цяжкасцямі, але многія з іх, улюбёныя ў абраную справу, арганізуюць паўнацэнную і маштабную работу. Запрашаюць для гэтага мясцовых жыхароў, ладзяць сустрэчы і вечарыны. Многіх самадзейных артыстаў, якім удалося гучна заявіць пра сябе, чакаюць на сцэне раённага Дома культуры.
Ёсць свае таленавітыя людзі і ў Пашкоўскім СДК (дырэктар Наталля Сямчонак), якія наведваюць гурткі сольных спеваў, фальклорны гурток «Крынічанька», клуб сямейнага адпачынку «Эдэм».
Спраўна наладжана творчая дзейнасць у Верацееўскім цэнтры культуры і адпадчынку (дырэктар Алена Цітовіч). На пачатку праграмы членам журы былі падораны сэрцы-матылькі — плён дзейнасці аматарскага аб’яднання «Рамонак». Затым святочную дзею прадоўжылі ў тэатралізаванай форме замалёўкай з вясковага жыцця «Чаго жадаюць жанчыны?» Алена Цітовіч, Таццяна Эйтміновіч, Іна Грыдзюшка, Таццяна Краснадубская і Ігар Цітовіч. Вядучымі выступілі мастацкі кіраўнік цэнтра Кацярына Кезік і яе муж Аляксандр. Музычныя нумары выконваліся пад акампанемент баяна, на якім іграла Лаліта Бягун. Наогул, работнікі Верацееўскага цэнтра культуры і адпачынку арганізуюць сваю дзейнасць мэтанакіравана, актыўна вывучаюць традыцыі, культуру беларусаў. І ў выніку заслугоўваюць за сваю работу ўдзячнасць ад мясцовых жыхароў.
Арыгінальнае рэжысёрскае ўвасабленне ідэі журы заўважыла ў Лужкаўскім СДК (дырэктар Ірына Буднік). Культурная праграма ўдала спалучала яркія таленты, найлепшыя традыцыі і багатыя напрацоўкі работнікаў установы і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Выступленне артыстаў было дасканала прадуманым і насычаным, пачынаючы з першых акордаў — з’яўлення на сцэне вядучых-клоўнаў Біма і Бома, у якіх пераўвасобіліся студэнтка ўніверсітэта культуры Яна Буднік і мастацкі кіраўнік СДК Кацярына Каснікоўская. Яны і выступілі вядучымі праграмы пад назвай «Дарогаю добра», праводзілі з гледачамі і журы конкурсы, гульні, дарылі святочны настрой сваімі ўсмешкамі. Усё гэта арганічна дапаўнялі нумары мастацкай самадзейнасці: песні візітнай карткі СДК — народнага калектыву «Лужкаўскія песняры», сольныя выступленні Сяргея Гамановіча, Марыі Цыгановай, Кацярыны і Аляксандры Грыдзюшка. Глядацкую аўдыторыю і журы пакарыла сваім цудоўным голасам Ірына Буднік. Вельмі захапляльным, жвавым і вясёлым атрымаўся «Танец гномаў» дзіцячага гурта «Свавольнікі». Падрыхтавала юных танцораў мастацкі кіраўнік Кацярына Каснікоўская. Дарэчы, яе бацькі Ігар і Наталля з малодшай сястрой Юляй усёй сям’ёй прынялі ўдзел у канцэрце. Сцэнка-пародыя «Кабельнае тэлебачанне» распавяла гледачам пра «перавагі сучаснай цывілізацыі» і прыўзняла ўсім настрой. Напрыканцы праграмы з кветак, падораных клоўнамі гледачам падчас конкурсаў, вялікімі літарамі на сцэне было састаўлена слова «ДАБРАТА». Дабрата, якую ўвесь вечар дарылі, даносілі, аддавалі самадзейныя артысты гледачам, каб растапіць зімовы холад у іх душах, сэрцах.
Вельмі шкада і крыўдна, што паўсюдна культурна-масавыя мерапрыемствы ва ўстановах культуры наведвае мала гледачоў. Нават кіраўніцтва сельвыканкамаў і сельгаспрадпрыемстваў, напэўна, баючыся марозу, не з’явілася ў той дзень на канцэртах, якія праводзілі іх работнікі культуры. А ці не з узаемнай зацікаўленасці пачынаецца сумесная мэтанакіраваная работа на месцах? Словы падзякі хочацца выказаць кіраўніцтву аддзела адукацыі райвыканкама, настаўнікам і вучням, якія прымаюць непасрэдны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах устаноў культуры.
Тым часам падарожжа па населеных пунктах раёна працягваецца, і наперадзе яшчэ многа творчых сустрэч.
С. РАЙЧОНАК,
метадыст РМЦ