Адна дарога жыцця на дваіх у Анатолія Мікалаевіча і Ірыны Карнееўны Закрэўскіх

Актуальное

958Шасцідзясятую гадавіну сумеснага жыцця прынята называць брыльянтавым вяселлем. Таксама як і брыльянт з’яўляецца вельмі рэдкім камянём, так і да святкавання шасцідзесяці гадоў, пражытых разам, дабіраюцца не ўсе пары. Такому даўгалеццю ў наш час аднагадовых шлюбаў і сапраўды пазайздросціць можна. А вось Анатолій Мікалаевіч і Ірына Карнееўна Закрэўскія з вёскі Ручай нашага раёна — у ліку тых сямейных пар, хто сумеў разам вытрымаць усе жыццёвыя выпрабаванні і дажыць да такога цудоўнага юбілею. 12 жніўня муж і жонка адзначылі сваё брыльянтавае вяселле.

У Ручаі яны пазнаёміліся. Ірына Карнееўна жыла ў гэтай вёсцы разам з маці ў зусім невялікім доме, які дзве жанчыны змаглі сабе купіць. Анатолій Мікалаевіч прыехаў у Ручай у госці да сястры з роднай вёскі Наўгароды Міёрскага раёна. Праз некаторы час пасля знаёмства маладыя людзі пажаніліся і сталі жыць у доме нявесты, паступова паляпшаючы свой быт і жыллёвыя ўмовы.

Пражыўшы больш чым паўстагоддзя разам, муж і жонка ўдзячныя адзін аднаму за сумесна пражытыя гады.

— Мне вельмі пашанцавала з мужам, — адзначыла падчас нашай размовы Ірына Карнееўна. — З невялічкай хаткі, якая ў нас была, ён сам зрабіў добры дом, у якім мы выхавалі траіх дзяцей, сваімі рукамі ўзвёў усе неабходныя для вясковага жыцця пабудовы. І па гаспадарцы муж мне заўсёды дапамагаў. На працягу ўсіх гадоў, пражытых разам, заўсёды адчувала яго падтрымку. А спрэчак і канфліктаў, якія даволі часта сустракаюцца ў маладых сем’ях, у нас увогуле не было. Ад мужа дрэнных слоў у свой адрас не пачула ніколі. Раней у нас была вялікая гаспадарка, мы ўсё стараліся рабіць разам — так непрыкметна і прайшло 60 год, — з усмешкай расказала жанчына, якая і зараз шмат свайго часу праводзіць на прысядзібным участку, даглядае агарод, вырошчвае кветкі. З вялікім задавальненнем жанчына заўсёды займалася рукадзеллем, вязала, стварала розныя прыгожыя рэчы для дома і сваіх родных. Цяпер, на жаль, займацца любімай справай перашкаджаюць праблемы са зрокам. Не могуць вяскоўцы без працы, вось і сям’я Закрэўскіх — не выключэнне. Зараз Анатолій Мікалаевіч і Ірына Карнееўна — ветэраны працы. Усё жыццё яны адпрацавалі ў сельскагаспадарчай вытворчасці на тэрыторыі былога калгаса “Маяк”. Муж звыш 40 гадоў быў кладаўшчыком, жонка адпрацавала на паляводстве. Яе працоўны стаж — 36 гадоў.

Анатолій Мікалаевіч і Ірына Карнееўна выхавалі трох сыноў, у іх чацвёра ўжо дарослых унукаў і столькі ж праўнукаў. Двое старэйшых сыноў — Анатолій і Леанід — таксама жыхары нашага раёна. Малодшы Уладзімір кожныя выхадныя прыязджае з Мінска да бацькоў у госці, у іх двары ён пабудаваў прыгожую сучасную лазню з прасторным памяшканнем для адпачынку ўсёй вялікай і дружнай сям’і. Брыльянтавае вяселле бацькоў — выдатная падстава для таго, каб сабрацца ўсім разам.

— Усім сваім родным, дзецям, унукам, а ўжо і праўнукам заўсёды жадаем такіх жа моцных сем’яў, як наша, — адзначылі напрыканцы нашай размовы “брыльянтавыя” юбіляры. І здаецца, пасля 60 гадоў пражытых разам нічога ў іх адносінах не змянілася — яны, як і раней, радуюцца поспехам сваіх родных, клапоцяцца адзін пра аднаго і з вялікай цеплынёй успамінаюць самыя шчаслівыя моманты жыцця, якое яны пражылі адно на дваіх.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *