17 лютага ў Альгерда Мечыслававіча і Валянціны Валяр’янаўны Хаданёнкаў з вёскі Сталіца ААТ “Княж” юбілей — 50 гадоў сумеснага жыцця, а ў Валянціны Валяр’янаўны яшчэ і 70 гадоў з дня нараджэння.
Жыве чалавек на зямлі і міжволі піша сваю гісторыю. А яна ў кожнага свая, не падобная на іншых, з белымі і чорнымі прамежкамі. Так і ў гэтай шчаслівай сям’і.
…Альгерд Хаданёнак прывёў маладую дзяўчыну з суседняй вёскі ў бацькоўскі дом. Да гэтага Валянціна працавала ў мясцовым калгасе падлікоўцай. Была такая пасада, бо ў той час большасць работ у полі выконвалася ўручную, таму быў наладжаны дакладны ўлік. Але працадзён налічвалася мала і маладая дзяўчына, каб мець большы заробак, папрасілася працаваць на ферму. Спачатку даглядала цялят, а потым прыняла групу кароў і стала даяркай.
Калі Валянціна Валяр’янаўна пераехала жыць да мужа ў вёску Сталіца, то мела ўжо пэўны вопыт і яе з ахвотай прынялі ў новы калектыў. Усе работы на ферме праводзіліся ўручную, нават зімой паілі кароў, ганяючы да палонак на возеры. Прыгадвае жанчына, як каля палонкі амаль першую дачушку Танюшу не нарадзіла. Тады жанчынам з немаўляці ніхто водпуску не даваў, а працаваць трэба было. Муж у гэты час служыў у арміі. Мужчын у доме не было (бацькі абодвух не вярнуліся з вайны). Усю, нават непасільную працу, даводзілася выконваць жанчыне. Добра што свякроў працавала тэхнічкай у школе і мела больш вольнага часу, таму і немаўляці магла дагледзець.
Неяк запрасілі Валянціну Валяр’янаўну гандляваць у школьным буфеце. Згадзілася змяніць прафесію, адначасова набывала ў вячэрняй школе сярэднюю адукацыю. Нарадзілася ў сям’і другое дзіця — сын Віктар, а праз пэўны час і муж вярнуўся са службы. Тут ужо лягчэй стала жыць, памочнік у доме з’явіўся. Прапанавалі Валянціне гатаваць ежу для дзетак у школе. Так поварам адпрацавала 33 гады і адначасова ў буфеце гандлявала. “Было вельмі цяжка, — дзялілася ўспамінамі жанчына. — Тады ў Сталіцкай школе займалася да 130 вучняў і трэба было кожнага смачна накарміць, каб бацькам не паскардзіліся.”
Працоўная біяграфія Альгерда Мечыслававіча таксама звязана з вёскай. Да арміі быў паляводам. Як вярнуўся са службы, у калгасе далі аўтамашыну ГАЗ-53 (бензавоз). За 20 гадоў аб’ездзіў не толькі калгасныя дарогі, але былі і далёкія рэйсы. А аднойчы запрасіў старшыня гаспадаркі Хаданёнка ў кабінет, маўляў, і машына твая паднасілася, і чалавек патрэбен у будаўнічую брыгаду. Так давялося і будаўніком папрацаваць.
Атрымалася так, што патрэбен быў аўтамеханік у калгасе. “Каго паставіць?” — гадала кіраўніцтва. Старшыня вырашыў, што чым браць некага чужога, лепш паставіць свайго, практыка. Выбар паў на Альгерда Мечыслававіча. Кіраўнік гаспадаркі не памыліўся: 12 гадоў узначальваў А. М. Хаданёнак калектыў аўтамабілістаў калгаса.
Гады рабілі свой адлік. Зразумеў, што трэба ўступаць месца маладым, больш адукаваным спецыялістам, а самому пераходзіць на лягчэйшую работу. Так уладкаваўся ў школе загадчыкам гаспадаркі, а ў зімовы час быў качагарам. Цяпер ужо адной сцяжынкай хадзілі з жонкай аж да пенсійнага ўзросту.
…Праз 14 гадоў пасля Віктара нарадзіўся ў сям’і Хаданёнкаў сын Міхаіл. Ён цяпер жыве з сям’ёй у Мінску. А Віктар Альгердавіч Хаданёнак стаў знатным механізатарам у гаспадарцы. У час уборкі ўраджаю садзіцца за штурвал камбайна і выходзіць у перадавікі працоўнага спаборніцтва. Дарэчы, пра яго поспехі не аднойчы пісала раённая газета.
У сям’і Віктара і Галіны выхаваліся сыны Сяргей і Улад. Сяргей пайшоў па слядах бацькі. Любая тэхніка яму падуладна. Працуе шафёрам у сельгаспрадпрыемстве, а трэба — садзіцца за руль трактара. Яму з жонкай Аней у Германавічах выдзелілі “прэзідэнцкі” дом. У сям’і гадуецца маленькі сынок. Маладая сям’я завяла хатнюю жыўнасць.
Кажуць, што дыня глядзіць на дыню — атрымлівае смак, чалавек на чалавека — выхаванне. Цешацца залатыя юбіляры, што выхавалі сабе добрую змену.
Калі існуе згода душ і сэрцаў, пачуццяў, поглядаў і характараў — яднаюць іх вузы, створаныя прыродай, звязаныя каханнем і высакародным гонарам.
Кацярына СОСНА