Вынікі работы раённай арганізацыі БРСМ за 2011 год

Актуальное

На пленуме, які адбыўся 3 лютага ў гарадскім пасёлку, былі падведзены вынікі работы Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі БРСМ за мінулы год.
—    На сённяшні дзень саюз моладзі аб’ядноўвае ў сваіх радах 816 юнакоў і дзяўчат нашага рэгіёна, — паведаміў выконваючы абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Дзмітрый ТУРОНАК. — Арганізацыя павінна быць цікавай для розных катэгорый маладых людзей: як для школьнікаў, так і для маладых жыхароў, што працуюць у арганізацыях і ўстановах раёна. У цэнтры нашай дзейнасці — інтарэсы маладых сем’яў і маладых спецыялістаў, іншых прадстаўнікоў моладзі.
Улічваючы патрабаванні часу, БРСМ імкнецца працаваць у розных накірунках дзейнасці. Асноўныя з іх — грамадзянска-патрыятычная, спартыўна-турыстычная, культурна-масавая, інфармацыйна-ідэалагічная работа, прапаганда здаровага ладу жыцця і прафарыентацыя, валанцёрская і дабрачынная дзейнасць.
За некалькі апошніх гадоў асаблівую папулярнасць сярод моладзі заваявала ваенна-спартыўная гульня “Зарніца”, інтэлектуальная гульня “Брэйн-рынг”, конкурсы на выяўленне лідарскіх здольнасцяў “Лідар” і “Школьны марафон”. Вялікім поспехам сярод маладых сем’яў карыстаецца агляд-конкурс “Маладзёжнае падвор’е”, а прадстаўнікі вучнёўскай моладзі ў летні час з задавальненнем адпачываюць у валанцёрскім палатачным лагеры БРСМ, прымаюць актыўны ўдзел у акцыі “7 добрых спраў”.
Многія прадстаўнікі маладога пакалення з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі конкурсаў і праектаў, якія райкам БРСМ і аддзел па справах моладзі праводзяць сумесна з іншымі зацікаўленымі службамі раёна. Творчыя і ініцыятыўныя юнакі і дзяўчаты дастойна прадстаўляюць наш рэгіён на абласных спаборніцтвах. Толькі лепшых слоў у свой адрас заслугоўваюць Аляксандр і Кацярына Кезікі — маладая сям’я з КУВСП “Гарадзец”, Дзмітрый Ліпскі і Дзяніс Кляпко — механізатары ААТ “Даватарскі”, Алеся Пучынская — сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ ААТ “Княж”, Юлія Рудак — вучаніца Шаркаўшчынскай СШ № 1, Уладзімір Цітовіч — сакратар пярвічкі Іёдскай школы-сада, вялікая колькасць іншых маладых людзей.
Наперадзе ў арганізацыі — шмат цікавых спраў. У бліжэйшых планах — конкурс сярод вучнёўскай моладзі на лепшага сакратара пярвічнай арганізацыі БРСМ — “Лідар-2012”. Яго правядзенне запланавана на 25 лютага. Запрашаем да ўдзелу!
Падрыхтавала Вольга СТАШЭЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *