Дождж не перашкода, калі побач сябры (рэпартаж са свята аграгарадка Більдзюгі)

Актуальное

IMG_7643

Малая родина или большая — все это Родина, как ни зови.

Силу дает и надежду внушает, боль утоляет и учит любви.

Малая родина или большая — все это Родина только одна.

В миг, когда рушится все и ветшает, только и держит на свете она.

З гэтых радкоў пачалося свята аграгарадка Більдзюгі, якое прайшло ў мінулую нядзелю. Дарэчы, свята ў гэтым населеным пункце ладзіцца штогод напрыканцы жніўня. І хоць надвор’е ў той дзень было досыць пахмурным і халаднаватым, гэта не стала перашкодай для аднавяскоўцаў разам сабрацца на пляцоўцы каля сельскага Дома культуры.

— Шчыра і сардэчна вітаю ўсіх жыхароў і гасцей урачыстасці, — з такімі словамі да прысутных звярнулася старшыня Більдзюжскага сельсавета Алена Генадзьеўна Чарняўская. — Свята аграгарадка — гэта цудоўная магчымасць адпачыць ад хатніх клопатаў, сабрацца разам, каб пагутарыць, атрымаць добры настрой ад цудоўных песень.

Сёлетняе лета не дужа радавала нас сонечным надвор’ем. Але, па словах старшыні сельвыканкама, недахоп цяпла кампенсавала хараство рознакаляровых кветак, якія буяюць з ранняй вясны і да позняй восені на падворках вяскоўцаў. Спецыяльна створаная камісія пры сельсавеце перад святам аграгарадка падвяла вынікі ў конкурсах на лепшую сядзібу і лепшае кветкавае афармленне падворка. Пераможцамі сталі Вячаслаў Яфімавіч і Іна Фёдараўна Кабакі. Іх сядзіба прызнана лепшай. За лепшае кветкавае афармленне сваіх падворкаў падзякі сельвыканкама атрымалі Кірыкер’я Анур’еўна Лагун, Дзіяна Аляксандраўна Стральчук, Лія Паўлаўна Цімафеева, Валянціна Гіляраўна Драба, Браніслава Мікалаеўна Курэц, Іна Аляксандраўна Марозава, Рыта Ізотаўна Смулько, Аліна Генадзьеўна Сіповіч. Алена Генадзьеўна Чарняўская адзначыла, што слоў удзячнасці за парадак і чысціню на сваіх падворках заслугоўваюць амаль усе вяскоўцы. Старшыня сельсавета пажадала таксама, каб хараство кветак каля сядзіб кожны год вабіла вока і саміх жыхароў аграгарадка, і гасцей Більдзюг.

Далей на свяце ўшанавалі старэйшых жыхароў аграгарадка. Імі з’яўляюцца Рэгіна Данатаўна Лаўрыновіч, Валянціна Уладзіміраўна Шульга і Аліна Адамаўна Кавалёнак. На жаль, па пэўных прычынах гэтыя жанчыны не змаглі прыйсці на свята, але ім вядучыя са сцэны пажадалі моцнага здароўя і доўгіх год жыцця.

Як вядома, вёска жыве, калі ў ёй нараджаюцца дзеці. Сёлета ў Більдзюгах на свет з’явіліся Максім Кавалёнак і Уладзіслаў Корсак. Самыя маленькія жыхары аграгарадка атрымалі ад арганізатараў свята памятныя падарункі.

Шмат у Більдзюгах жыхароў, якія нарадзіліся ў жніўні. Свой дзень нараджэння ў апошні месяц лета адзначылі Уладзіслава Іванаўна Заяц, Вольга Мікалаеўна Мішчанка, Пётр Францавіч Ясінскі, Людміла Мечыславаўна Туронак, Кацярына Мікалаеўна Хрол і Сяргей Вітальевіч Туронак.

Багатым на вяселлі выдаўся для аграгарадка 2017 год. І хоць ён яшчэ не закончыўся, але ўжо за гэты перыяд у Більдзюгах звязалі свае лёсы чатыры маладыя пары. Сем’і стварылі Павел і Валянціна Мурашкі, Дзмітрый і Кацярына Чарняўскія, Аляксандр і Галіна Шышко, а таксама Дзмітрый і Крысціна Спірыдонавы. Іх сямейнае жыццё толькі пачынаецца. А вось Вітольд Баляслававіч і Таісія Васільеўна Дулінскія адзначылі ў гэтым годзе залатое вяселле. Сярэбранае вяселле адсвяткавалі Юрый Анатольевіч і Валянціна Вітальеўна Павучонкі, якія падзяліліся сакрэтам шчаслівага сямейнага жыцця. А заключаецца яно, па словах юбіляраў, ва ўзаемнай павазе і пяшчотным каханні, якое трэба несці з сабою праз гады, нягледзячы на шматлікія жыццёвыя цяжкасці і перашкоды.

Жывуць у Більдзюгах дзве шматдзетныя сям’і, якія займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю: удзельнічаюць у культурным жыцці аграгарадка, спаборнічаюць у конкурсах як мясцовага, так раённага і нават абласнога маштабаў. Гэта сем’і Івана і Дзіяны Молакавых, а таксама Сяргея і Кацярыны Хрол. Арганізатары свята запрасілі іх на сцэну і правялі цікавы, забаўляльны конкурс, у якім трэба было раздзяліць на хуткасць насенне кукурузы і бобу. У выніку перамагло сяброўства.

Работнікі СДК сумесна з удзельнікамі мастацкай самадзейнасці паставілі тэатралізаваную дзею “Вяселле ў Малінаўцы на новы лад”. Звычайныя жыхары аграгарадка ўдала пераўвасобіліся ў персанажаў знакамітай савецкай кінакамедыі. Гледачы гучна пляскалі ў далоні самадзейным артыстам, якія так пранікнёна выконвалі свае ролі, што падабенства з героямі кінастужкі было амаль аднолькавае.

Завітаў на свята ў Більдзюгі браслаўчанін Леанід Лаўрыновіч. Мужчына некаторы час працаваў у мясцовым СДК. Таму ён з вялікім задавальненнем прыняў запрашэнне выступіць з сольнай праграмай для сваіх даўніх сяброў.

Свята аграгарадка не азмрочыў нават дождж, які пачаўся напрыканцы канцэрта. Але людзі не спяшаліся разыходзіцца па дамах. Узяўшы ў рукі парасоны, жыхары Більдзюг яшчэ працягвалі танцаваць і дарыць сябрам свой добры настрой.

Работнікі клубнай установы выказваюць вялікую ўдзячнасць за аказаную грашовую дапамогу ў набыцці сувеніраў для правядзення свята дырэктару ААТ “Жвіранка” Пятру Спірыдонавічу Ананьку, яго намесніку па ідэалагічнай рабоце Анне Мар’янаўне Бездзель і галоўнаму бухгалтару гаспадаркі Надзеі Барысаўне Драбовіч.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_7617 IMG_7619 IMG_7624 IMG_7629 IMG_7632 IMG_7636 IMG_7638 IMG_7642 IMG_7650 IMG_7653 IMG_7657 IMG_7660 IMG_7664 IMG_7668 IMG_7673 IMG_7688 IMG_7690 IMG_7695 IMG_7698 IMG_7703 IMG_7705 IMG_7708 IMG_7712 IMG_7717 IMG_7724 IMG_7725 IMG_7727 IMG_7731 IMG_7735 IMG_7736 IMG_7741 IMG_7745 IMG_7747 IMG_7751 IMG_7760 IMG_7773 IMG_7778 IMG_7785



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *