Калі да работы з душой — яна да цябе з рэзультатам. На ферме Германавічы 22 гады аператарам машыннага даення старанна працуе Раіса Мікалаеўна Буткевіч

Сельское хозяйство

IMG_5564 (Копировать)Прафесію аператара машыннага даення Раіса Мікалаеўна Буткевіч атрымала ў спадчыну ад сваёй  маці, якая таксама шмат гадоў  адпрацавала даяркай на ферме. Зараз жанчына, якую вы бачыце на здымку,   адна з лепшых аператараў машыннага даення не толькі на сваёй  ферме ў Германавічах, але і на ўсёй тэрыторыі ААТ “Княж”. Работу з групай цялушак, згадзіцеся, не кожнаму аператару машыннага даення ў  гаспадарцы давераць. А ў групе Раісы Мікалаеўны іх зараз – 55 галоў. Вопытны аператар машыннага даення рыхтуе кароў да ацёлу, прымае роды, раздойвае іх – ад працы жанчыны залежыць і будучая прадукцыйнасць статка, і  захаванасць навароджаных цялят.  Пасля таго, як пяршачкі будуць раздоены, Раіса Мікалаеўна перадае іх іншым даяркам для папаўнення  гуртоў.

І, тым не менш, няпростая работа з  групай цялушак  жанчыну не палохае. Магчыма, дапамагаюць вопыт, закалка працай. З самага дзяцінства дзяўчынка дапамагала маці на ферме. Пасля заканчэння школы спачатку працавала поварам, потым даглядчыцай цялят, а з 1995 года і да цяперашняй пары Раіса Мікалаеўна   – аператар машыннага даення  ААТ “Княж”. Зараз у сваім гурце жанчына ад пяршачак  надойвае каля 700 літраў малака  ў суткі.

Гераіня гэтага матэрыялу  — карэнная жыхарка вёскі Германавічы і маці траіх дзяцей. Яе малодшая дачка Караліна вучыцца ў 10 класе Германавіцкай сярэдняй школы. Сыны Дзмітрый і Леанід – ужо дарослыя. Усе яны з самага дзяцінства   прывучаны да працы і дома па гаспадарцы заўсёды маці дапамагаюць, бо ведаюць, як няпроста працаўнікам сельскагаспадарчай вытворчасці дастаюцца іх заробкі.

Пра сваіх дзяцей жанчына расказвае з вялікім задавальненнем, як і пра сваю няпростую працу даяркай. Старанная , адказная і працавітая — яна і ў калектыве заўсёды праяўляе ўзаемавыручку і з павагай адносіцца да сваіх калег. А таму карыстаецца заслужаным аўтарытэтам  у  гаспадарцы не толькі з боку кіраўніцтва, але і сярод іншых працаўнікоў ААТ “Княж”. Свой дабрабыт вяскоўцы ствараюць сваімі рукамі, і менавіта яны, як ніхто іншы добра ведаюць, што лёгкага хлеба не бывае. Як кажуць, калі да работы з душой – яна да цябе з рэзультатам!

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *