Экалагічную сцежку “Прырода роднага краю” адкрылі на балоце Ельня

Актуальное

IMG_8539

 

Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Ельня” з’яўляецца  адным з найбольш  унікальных аб’ектаў запаведнага фонду Беларусі. Не толькі самы вялікі ў Беларусі, але і адзін з буйнейшых у Еўропе азёрна-балотны комплекс, размешчаны на тэрыторыі нашага Шаркаўшчынскага і суседняга Міёрскага раёнаў, налічвае  118 азёр. А яшчэ балота Ельня – адзін са старэйшых аб’ектаў Беларусі, які называюць помнікам далёкай ледніковай эпохі, бо яго гісторыя налічвае каля дзевяці тысяч год. А  ў сувязі з тым, што ўздзеянне чалавека на тэрыторыю Ельні за ўвесь перыяд   існавання балота было мінімальным, менавіта там захаваліся унікальныя віды раслін і жывёл, якія эколагі з усяго свету сёння імкнуцца захаваць.

З мэтай вывучэння біяразнастайнасці ландшафтнага заказніка “Ельня” 18 верасня ў вёсцы Буды ўрачыста адкрылі экалагічную сцежку  “Прырода роднага краю”.  Нічога падобнага на тэрыторыі нашага раёна яшчэ не было. Экалагічны маршрут мае працягласць 2 кіламетры – ад зоны адпачынку ў вёсцы Буды – да выхаду па драўляным насціле ўглыб балота. Побач са 100-метровым драўляным насцілам  на мяжы балота размешчана назіральная вышка-альтанка, што  мае вышыню 8 метраў, з якой адкрываецца непаўторны выгляд  на ўнікальны балотны комплекс з яго раслінным і жывёльным светам. Напачатку экасцежкі пабудаваны 1 вялікі навес, 8 лавак, інфармацыйна-інтэрактыўныя стэнды, не згубіцца ў лесе дапамогуць  паказальнікі дарог. Для зручнасці турыстам прадастаўляюцца 11 веласіпедаў з абсталяваннем для іх стаянкі, у наяўнасці —  туалеты і кантэйнеры для смецця –арганізатары прадугледзелі  ўсё самае неабходнае для цікавага і непаўторнага падарожжа ўглыб прыроды.

Як высветлілася, экалагічная сцежка на балота  пабудавана па праекту МТП  “Умацаванне адукацыйнага патэнцыялу, створанага эколага адукацыйнага цэнтра ў Германавіцкай сярэдняй школе ў галіне ўстойлівага кіравання воднымі рэсурсамі балота Ельня”, спонсарамі якога выступілі Праграма развіцця ААН і Фонд “Кока – Кола Бевриджиз Белоруссия”, а партнёрамі аддзел адукацыі, спорту і турызму Шаркаўшчынскага райвыканкама і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.

У кастрычніку мінулага года ў Германавіцкай школе нашага раёна быў адкрыты першы ў Беларусі спецыялізаваны экалагічны клас па ўстойлівым выкарыстанні прыродных рэсурсаў  “Прырода роднага краю”. Дзякуючы гэтаму ў вучняў  рознага ўзросту з’явілася ўнікальная магчымасць на  новым узроўні вывучаць праблемы экалогіі і паспяхова знаходзіць шляхі  іх вырашэння. Экалагічная сцежка з аднайменнай назвай – працяг гэтай мэтанакіраванай работы, а таксама чарговы этап праекта МТП “«Пастраенне патэнцыялу мясцовых таварыстваў у пытанні ўстойлівага кіравання воднымі рэсурсамі з мэтай захавання балота  Ельня».

Шчырыя словы ўдзячнасці за рэалізацыю праекта намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі выказаў усім яго ўдзельнікам,і асабліва першаму намесніку генеральнага дырэктара  унітарнага прадпрыемства “»Кока-Кола Бевриджиз Белоруссия» Андрэю Валянцінавічу Рашчупкіну, намесніку дырэктара па сувязях з грамадскасцю Анжаліцы Артураўне Мельнікавай,прадстаўніку Праграмы развіцця ААН, кіраўніку праекта “Тарфянікі-2” Аляксею Генадзьевічу Арцюшэўскаму, а таксама эколагам нашага раёна, якія вялікую работу праводзяць на тэрыторыі балота “Ельня” і клапоцяцца аб яго захаванні – Марыне Фёдаравай і Валерыю Кавалёнку. Падчас урачыстасці, якая пачалася са знаёмства з экалагічным класам у Германавіцкай сярэдняй школе, намеснік старшыні райвыканкама Ю. А. Васілеўскі адзначыў таксама, што сумеснымі намаганнямі ўсіх удзельнікаў праекта глабальныя экалагічныя праблемы паспяхова вырашаюцца і на тэрыторымі нашага раёна. У прыватнасці, на балоце праведзены вялікі аб’ём работы, шмат зроблена для павышэння ўзроўню вады на тэрыторыі балота. Гэта дапаможа пазбегнуць пажараў у лесе і, непасрэдна, у самім  заказніку ў засушлівы перыяд  а, значыць, захаваць некранутай тэрыторыю дзікай прыроды і , у далейшым, удумліва, рацыянальна яе выкарыстоўваць.

— Новы экалагічны маршрут адчынены для ўсіх жадаючых,-паведаміла куратар праекта на тэрыторыі нашага раёна, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама Наталля Анатольеўна Арэшкава. – У планах – далейшая работа па яго ўдасканаленні. Прайсці па экалагічнай сцежцы на тэрыторыю балота турысты змогуць у любую пару года. Вялікую цікавасць новы экалагічны маршрут прадстаўляе і для школьнікаў, якія цяпер змогуць вывучаць біяразнастайнасць роднага краю і праводзіць заняткі на прыродзе– наведваць балота, праводзіць там свае даследванні, назіраць за птушкамі і вывучаць расліны. Вялікая работа зроблена вучнямі Германавіцкай сярэдняй школы і напярэдадні ўрачыстага адкрыцця экалагічнай сцежкі. Дзякуй дырэктару школы Людміле Георгіеўне Маркевіч, усім юным эколагам гэтай навучальнай установы, а таксама кіраўніцтву і работнікам ААТ “Ельня-агра”за вялікую работу па добраўпарадкаванні тэрыторыі новага экалагічнага маршрута, якую дзеці і дарослыя правялі разам. Дзякуй усім, хто дапамог у рэалізацыі праекта і не застаўся ў баку ад захавання прыроды роднага краю.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

Матэрыял пра велапрабег, які таксама праходзіў у гэты дзень, будзе надрукаваны пазней

IMG_8412 IMG_8417 IMG_8425 IMG_8430 IMG_8434 IMG_8443 IMG_8453 IMG_8468 IMG_8488 IMG_8491 IMG_8494 IMG_8496 IMG_8503 IMG_8525 IMG_8529 IMG_8540 IMG_8549 IMG_8552 IMG_8555 IMG_8581 IMG_8585 IMG_8590 IMG_8593 IMG_8600 IMG_8603 IMG_8607 IMG_8621 IMG_8633 IMG_8636



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *