Велапрабег з аграгарадка Германавічы ў вёску Буды да экалагічнай сцежкі на балоце Ельня

Прафсаюзы

425На тэрыторыі нашага раёна вялікая ўвага надаецца экалагічным праблемам і беражлівым адносінам да прыроды і навакольнага асяроддзя. Так, 18 верасня, у дзень адкрыцця экалагічнай сцежкі на балоце Ельня, пад сцягам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі шаркаўчане сталі ўдзельнікамі велапрабегу з аграгарадка Германавічы ў вёску Буды. Пасля наведвання інтэрактыўнага экалагічнага класа ў Германавіцкай сярэдняй школе веласіпедысты накіраваліся да месца афіцыйнага адкрыцця новай экалагічнай сцежкі “Прырода роднага краю”. Падсілкаваўшыся смачным абедам, прадастаўленым нашай раённай арганізацыяй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і пакінуўшы свой транспарт на веластаянцы, прадстаўнікі працоўных калектываў раёна разам з усімі гасцямі ўрачыстасці прайшлі па экалагічным маршруце ў глыб балота, падняліся на вышку-альтанку, пазнаёміліся з дзікай прыродай самага вялікага ў нашай краіне верхавога балота Ельня. Карацей кажучы, адчулі сябе сапраўднымі турыстамі і першымі прайшлі па маршруце, які, пачынаючы з гэтай восені, могуць наведаць усе жадаючыя.

Як адзначылі арганізатары велапрабегу старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Віктаравіч Малюгін, начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Таццяна Іванаўна Мечаль і галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Анатольеўна Арэшкава, дадзенае мерапрыемства накіравана на папулярызацыю экалагічна чыстага транспарту сярод насельніцтва нашага рэгіёну. А праходзіў дадзены велапрабег у межах рэалізацыі праекта “Пагадненне мэраў аб устойлівым энергетычным і кліматычным развіцці” і быў прымеркаваны да такіх маштабных акцый, як Еўрапейскі тыдзень мабільнасці, Дні энергіі і Дзень без аўтамабіля.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *