Першага кастрычніка ва ўсім свеце адзначылі Дзень пажылых людзей. Не застаўся ў баку ад гэтай падзеі і наш гарадскі пасёлак. Па шматгадовай традыцыі, у гонар гэтага свята,на мінулым тыдні адбыўся канцэрт у раённым Цэнтры культуры, які меў назву “Узрост восені чароўны”. Гасцей у дзень правядзення мерапрыемства са сцэны раённага Цэнтра культуры віталі вядучая і аўтар сцэнарыя канцэртнай праграмы Алёна Сухаверская, артысты, якія выступілі перад гледачамі са сваімі лепшымі музычнымі нумарамі: выкладчыца дзіцячай школы мастацтваў Ала Міхайлава, мастацкія кіраўнікі Навасельскага і Радзюкоўскага СДК Іван Гарбачонак і Уладзімір Радзюк, фальклорны калектыў “Калядзіца”, трыа акардэаністаў-выкладчыкаў ДШІ. Вельмі спадабалася ўсім прысутным гумарыстычнае выступленне Ірыны Лаўрыновіч.
З прывітальнымі словамі і найлепшымі пажаданнямі да ўсіх гасцей урачыстасці звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі. У сваім выступленні ён зачытаў прывітальны адрас ад імя старшыні Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрыя Міхайлавіча Ламака і падзякаваў ветэранам працы і ўсім пажылым жыхарам нашага раёна за тое, што яны шмат гадоў адпрацавалі на шаркаўшчынскай зямлі і вельмі многа зрабілі для таго, каб наш раён памнажаў свой дабрабыт і паспяхова развіваўся. Пра дзень сённяшні раённай ветэранскай арганізацыі падчас свайго выступлення расказала старшыня раённага Савета ветэранаў Галіна Мікалаеўна Філатава. Шчырыя словы найлепшых пажаданняў у адрас пажылых людзей прагучалі і ад прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый раёна: старшыні Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Данаты Уладзіміраўны Жынгель, старшыні раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Валянціны Уладзіміраўны Хаданёнак, старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства “Веды” Кацярыны Рыгораўны Міхнёнак. Ад імя пажылых людзей нашага раёна выступіла Багдана Раманаўна Нікалаева.
Як адзначылі самі наведвальнікі святочнай праграмы, у якой было месца конкурсам з невялікімі падарункамі, гумару і музычным віншаванням, канцэрт ім вельмі спадабаўся. І ўжо праз некалькі дзён пасля мерапрыемства ў рэдакцыю патэлефанавала шаркаўчанка Фаіна Уладзіміраўна Прыстаўка, якая і падзялілася з намі сваімі ўражаннямі: — Шчырыя словы ўдзячнасці хачу выказаць усім арганізатарам і артыстам, работнікам культуры нашага раёна за цудоўны канцэрт. Нам, пажылым людзям, было вельмі прыемна атрымаць персанальнае запрашэнне і прыйсці на свята, якое вельмі спадабалася. Дзякуючы работнікам культуры Дзень пажылых людзей, неадназначнае, на першы погляд, свята стала ў нашым гарадскім пасёлку падзеяй яркай і радаснай, якую мы будзем абавязкова чакаць і ў наступным годзе.