Зоя Леанідаўна Радзюк атрымала прэмію Героя Савецкага Саюза Зінаіды Михайлаўны Тусналобавай-Марчанка.

Актуальное

Зоя Леанідаўна Радзюк разам з дзецьмі Вольгай і Аляксандрам
Зоя Леанідаўна Радзюк разам з дзецьмі Вольгай і Аляксандрам

Большасць сучасных беларускіх сем’яў, выхоўваючы аднаго або двух дзяцей, спасылаюцца сёння на недахоп сіл і грошай. І пры гэтым ёсць у нашым грамадстве мамы, якія не толькі выхоўваюць сваіх , але і бяруць у свае сем’і на выхаванне прыёмных дзяцей. Дзякуючы менавіта такім жанчынам значна зменшылася колькасць дзяцей у дзіцячых дамах. Бо ніводная, нават самая цудоўная дзяржаўная ўстанова не заменіць дзецям цеплыню бацькоўскага дома. Прыёмная сям’я, як і любая іншая, са з’яўленнем дзіцяці можа сутыкнуцца з мноствам праблем. Здольнасць вырашаць іх без страт, у большасці сваёй, залежыць ад гатоўнасці прыняць маленькага чалавека ў свой дом і ў сваё сэрца і ад кампетэнтнасці прыёмных бацькоў. Чым дакладней людзі разумеюць, на што яны згаджаюцца, калі прымаюць рашэнне выхоўваць прыёмнага дзіцяці, тым лепш.

Вось і ў Зоі Леанідаўны і Паўла Андрэевіча Радзюк з аграгарадка Наваселле не было сумненняў, калі 10 гадоў таму яны прынялі рашэнне стаць прыёмнымі бацькамі. У іх добрых сэрцах хапіла цяпла для траіх прыёмных дзяцей, якія засталіся без апекі родных. Першай была 8-гадовая Юля. Праз год у сям’ю забралі малодшага  роднага брата Юлі — Аляксандра, які выхоўваецца ў прыёмнай сям’і з трохгадовага ўзросту. У 2009 годзе ўжо ў вялікую сям’ю была прынята Вольга. Пры гэтым у сям’і Зоі Леанідаўны і Паўла Андрэевіча падрастала родная дачка Наталля, якой таксама былі неабходны падтрымка і любоў сваіх бацькоў. Сёння Наталлі 23 гады, Юліі — 18, дзяўчынкі выраслі і жывуць асобна. А Оля і Аляксандр — разам са сваімі прыёмнымі бацькамі. Вольга ў гэтым годзе заканчвае Шаркаўшчынскую сярэднюю школу № 1. Па словах Зоі Леанідаўны, дзяўчынка вучыцца на «выдатна», займаецца дадаткова з рэпетытарам, шмат сіл і ўвагі надае вучобе, каб паступіць на лячэбнае аддзяленне медыцынскага ўніверсітэта. Вольга — уважлівая, творчая і мэтанакіраваная дзяўчынка, у якой шмат захапленняў. Яе малодшы брат зараз вучыцца ў 6 «Б» класе, ён таксама закончыў музычную школу і добра вучыцца. Праблемы са здароўем, якія ў хлопчыка былі, калі ён толькі з’явіўся ў сваёй новай сям’і, дзякуючы бацькам удалося цалкам ліквідаваць. Хлопчык камунікабельны і творчы, ён з лёгкасцю наладжвае адносіны не толькі са сваімі равеснікамі, але і з дарослымі, з вялікай адказнасцю адносіцца да выканання даручаных спраў.

Цяпер, гледзячы на гэтых дзяцей, нават і не скажаш, што яны ў сям’і — прыёмныя. А Зоя Леанідаўна вельмі ганарыцца ўсімі сваімі дзецьмі, з вялікім захапленнем расказвае пра іх шматлікія поспехі, асаблівую ўвагу надае выхаванню. У новай сям’і Вольга і Аляксандр выраслі, сталі паўнацэннымі самастойнымі асобамі, якія маюць свой пункт гледжання, умеюць любіць, сябраваць, дараваць. А самае галоўнае, яны заўсёды прыйдуць на дапамогу адзін аднаму, бо яны — сям’я.

Зоя Леанідаўна — педагог па адукацыі, жанчына закончыла філалагічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Да таго часу, як стала прыёмнай маці, працавала настаўніцай ва ўстановах адукацыі спачатку Браслаўскага, а потым нашага раёна. Як адзначае сама жанчына, педагагічны вопыт ёй вельмі спатрэбіўся. Бо ўсё ж,  недастаткова быць проста добрай маці і клапаціцца пра сваіх дзяцей. Іх трэба развіваць, вучыць, выхоўваць і пры гэтым паказваць уласны прыклад гарманічных адносін у сям’і. Трэба быць і педагогам, і псіхолагам, і мець аўтарытэт у сваіх дзяцей. А яшчэ — навучыць іх быць самастойнымі, каб яны, як і любы чалавек, у сваім дарослым жыцці, сутыкаючыся з пэўнымі праблемамі і цяжкасцямі, умелі іх пераадольваць.

— Нашы дзеці, як і мы самі, прывучаны да працы, — расказвае Зоя Леанідаўна. — Мы вучым іх самастойнасці, дысцыплінаванасці і адказнасці. Яны і абед могуць прыгатаваць, і стол сервіраваць, на прысядзібным участку заўсёды дапамагаюць, і ў доме могуць прыбрацца. Я вучу іх з карысцю выкарыстоўваць свой час. Не сядзець бязмэтна гадзінамі за камп’ютарам, а вучыцца, развівацца, знаходзіць карысную інфармацыю, якая спатрэбіцца ў будучым. Мы разам знаходзім штосьці цікавае, у нас шмат тэматычных папак, якія мы сабралі разам. Дзеці шмат чытаюць, у тым ліку і падчас летніх канікул. І  ўжо добра ведаюць, як распланаваць свой дзень, каб усё паспець.

У нас шмат родных, да якіх мы прыязджаем у госці і якія прыязджаюць да нас. У кожнай сям’і ёсць дзеці, усе яны  сябруюць паміж сабой і з нашымі дзецьмі таксама. Разам мы рыхтуем цікавыя сцэнарыі, удзельнічаем у тэатралізаваных пастаноўках, якія вельмі падабаюцца ўсім членам нашай  вялікай сям’і. Я праводжу заняткі ў нядзельнай школе пры храме «Усіх смуткуючых Радасць». І дзяцей сваіх выхоўваю з верай у Бога. Вялікую падтрымку нашай сям’і заўсёды аказвае настаяцель храма, протаіерэй Віктар Валашчук, якому я вельмі ўдзячна за дапамогу. І мае дзеці сярод пастаянных ўдзельнікаў спектакляў, якія разам з вучнямі нядзельнай школы мы праводзім напярэдадні Раства і галоўных рэлігійных святаў. А Саша зараз дапамагае айцу Віктару ў храме.

Вялікая сям’я Радзюк пражывае ў аграгарадку Наваселле ў вялікім уласным  доме, які гаспадар Павел Андрэевіч пабудаваў сам. Дом вельмі ўтульны, з густам абсталяваны, у кожнага з дзяцей свой пакой. «У вялікім доме павінна пражываць вялікая сям’я», — 10 гадоў таму так палічылі бацькі, якія і ўзялі да сябе траіх прыёмных дзяцей. Безумоўна, і ў іх не ўсё бывае бязвоблачна: праблемы і цяжкасці здараюцца ў кожнай сям’і. Але ўсе іх дзеці выраслі дружнымі, у іх ёсць надзейная апора і падтрымка — прыёмныя бацькі, сёстры і брат, вялікая колькасць іншых родных людзей, з якімі падтрымліваюцца добрыя адносіны.

«Наша сям’я — наша крэпасць», — гэтыя словы не раз можна пачуць ад Зоі Леанідаўны, якая 13 кастрычніка ў горадзе Віцебску атрымала заслужаную ўзнагароду — прэмію Героя Савецкага Саюза Зінаіды Михайлаўны Тусналобавай-Марчанка. Цяпер гэтыя словы з радасцю і гонарам нярэдка паўтараюць і  ўсе яе дзеці.

14 кастрычніка ў нашай краіне адзначаецца Дзень маці. Гэтае свята можна назваць адным з самых светлых, самых добрых і самых цёплых у годзе. І менавіта сёння мы ўшаноўваем і віншуем самых родных і дарагіх жанчын на зямлі.Са святам вас, паважаныя жанчыны, з Днём маці. Усё найлепшае ў жыцці пачынаецца з вас — пяшчотных, уважлівых, любячых і любімых.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *