Ганна Меленцьеўна СІДАРОНАК працуе на ферме Цэнтр у КУВСП “Гарадзец”. Жанчына мае багаты вопыт у жывёлагадоўлі — працуе на ферме з 1993 года. Зараз Ганна Міленцьеўна даглядае цялят на дарошчванні — іх у яе сем дзясяткаў.
— Хутка пачнуцца масавыя ацёлы — расказвае жанчына. — Люты—сакавік — напружаны перыяд у тых, хто заняты з цялятамі. Але нам не прывыкаць да такой працы. Вопыт ёсць. Патрэбна толькі добрасумленна выконваць свае абавязкі, бо маленькія цяляткі патрабуюць шмат увагі і клопату.
Такім чынам, даяркі гадуюць цялятак да 21 дня, пакуль не перавядуць у групу дарочшвання.
На ферме Цэнтр цяляты ўтрымліваюцца ў памяшканні, а таксама ў “плёначніку” — на вуліцы. У чым перавагі такога ўтрымання, пытаюся ў Ганны Міленцьеўны. У тым, што цяляты загартоўваюцца з нараджэння, яны становяцца больш жыццядзейнымі.
— Іх кормім тры разы на дзень, — расказвае жанчына. — Даём малако, кукурузу з аўсом, мел, соль, а таксама адвары з траў. Большым цялятам выдаецца пойла і камбікорм.
Ганну Міленцьеўну падтрымаў галоўны ветурач Мікалай Валянцінавіч Бортнік:
— Утрыманне на свежым паветры ўмацоўвае арганізм жывёлы. У нас у “плёначніку” знаходзяцца цяляткі, якія з’явіліся на свет у студзені бягучага года. Каб жывёла расла здаровай, трэба пільна сачыць за станам здароўя. Ну і канешне многае залежыць ад збалансаванасці рацыёну.
Аляксандр БАРЫЛА
