20 кастрычніка на базе Шаркаўшчынскай раённай ветэрынарнай станцыі адбылася абласная нарада

Актуальное

Р. Э. Вайцяховіч, С. В. Бабаед і І. А. Дароўскіх падчас пасяджэння
Р. Э. Вайцяховіч, С. В. Бабаед і І. А. Дароўскіх падчас пасяджэння

20 кастрычніка на базе Шаркаўшчынскай раённай ветэрынарнай станцыі адбылася абласная нарада, на якую былі запрошаны галоўныя дзяржаўныя ветурачы гарадоў і раёнаў, намеснікі галоўных ветурачоў па дыягностыцы ветстанцый Віцебшчыны. Праводзілі нараду начальнік упраўлення ветэрынарыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Валянцінавіч Бабаед і дырэктар Віцебскай абласной ветлабараторыі Ілля Анатольевіч Дароўскіх.

Аб рабоце рэгіянальнай дзяржаўнай ветэрынарнай службы на прыкладзе Шаркаўшчынскай райветстанцыі расказала выконваючая абавязкі начальніка ўстановы Рамуальда Эдуардаўна Вайцяховіч.

Шаркаўшчынская раённая ветэрынарная станцыя па сваіх працоўных паказчыках з’яўляецца адной з лепшых у вобласці. Калектыў установы налічвае 43 чалавекі. Маюцца шэсць легкавых аўтамабіляў і тры ДУКі (дэзінфекцыйныя ўстаноўкі). Нягледзячы на тое, што ў кожным сельгаспрадпрыемстве ёсць ветурачы, кожны дзень 13 спецыялістаў райветстанцыі накіроўваюца ў гаспадаркі для правядзення комплексных мерапрыемстваў па лячэнні жывёлы. Ёсць пэўныя цяжкасці з-за адсутнасці асобных ветурачоў на даільных залах малочнатаварных ферм. Па магчымасці іх замяняюць спецыялісты з райцэнтра.

У райветстанцыі закуплены спецыяльны станок для абразання і лячэння капытоў буйной рагатай жывёлы, які задзейнічаны на жывёлагадоўчых фермах. Асноўнай крыніцай фінансавых паступленняў у арганізацыю з’яўляецца аказанне платных паслуг сельгаспрадпрыемствам. У першую чаргу, гэта дэзінфекцыя і пабелка жывёлагадоўчых памяшканняў. За мінулы год выручка ад дадзенага віду работ склала 136 тысяч рублёў, а за дзевяць месяцаў 2017 года — 158 тысяч рублёў.

У 2013 годзе, дзякуючы фінансавым сродкам раённага бюджэту і ўласным грашам, райветстанцыя была газіфіцыравана, што найлепшым чынам паўплывала на якасць умоў працы работнікаў. Цяпер тут вядзецца рамонт гаражных боксаў для аўтамабіляў. 40% ад патрэбнай суммы на яго правядзенне выдаткавана райвыканкамам, астатняя частка — уласныя фінансавыя сродкі. Рамонт плануецца завяршыць да канца года.

Начальнік упраўлення ветэрынарыі аблсельгасхарчу Сяргей Валянцінавіч Бабаед даў станоўчую адзнаку той рабоце, якая праводзіцца ў Шаркаўшчынскай райветстанцыі. У раёне расце пагалоўе буйной рагатай жывёлы, зменшыўся яе падзеж. Эфектыўнасць лячэння таксама добрая. Сяргей Валянцінавіч падкрэсліў, што гэта ў значнай ступені залежыць ад ініцыятыўнасці, вопыту, адказнасці за даручаную справу і высокага прафесіяналізму, якім валодае Рамуальда Эдуардаўна Вайцяховіч, а таксама падначалены ёй калектыў раённай ветэрынарнай станцыі.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *