Забеспячэнне палівам, стан дарог, асвятленне вуліц, вядзенне ўласнай гаспадаркі. Такія асноўныя пытанні, што хвалююць жыхароў Лужкаўскага сельсавета

Актуальное

23 лютага адбылося чарговае пасяджэнне выканкама Лужкаўскага сельскага Савета. З дакладам “Аб выніках работы са зваротамі грамадзян у 2011 годзе і задачах па рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб” выступіла ўпраўляючая справамі сельвыканкама З. В. Маліноўская.
Як адзначыла дакладчыца, за 2011 год у сельвыканкам паступіла 76 зваротаў, што складае 69 працэнтаў да ўзроўню 2010 года. Сярод іх 7 пісьмовых, астатнія вусныя. Што найчасцей хвалюе жыхароў сельскіх населеных пунктаў? Найбольш людзі звярталіся па пытаннях забеспячэння палівам, асабліва дровамі, рамонту і ўтрыманню дарог і вуліц, далейшага развіцця асабістых падсобных гаспадарак (закуп малака, кантрактацыя маладняку, апрацоўка прысядзібных участкаў, сенакашэнне), асвятлення населеных пунктаў у цёмны час сутак.
На паступіўшыя звароты ў сельвыканкам, а калі патрэбна падключаюцца дырэкцыя мясцовай гаспадаркі і адпаведныя службы, якія ёсць у Лужках, аператыўна рэагуюць. Што ў сілах — вырашаецца практычна на месцы, па больш складаных устанаўліваюцца тэрміны выканання і заяўніку аб гэтым паведамляецца ў пісьмовай форме.
У ходзе рэалізацыі зваротаў грамадзян аптымізавана выдзяленне тэхнікі мясцовай гаспадаркі “Гарадзец” для апрацоўкі асабістых зямельных надзелаў, нарыхтоўкі сена і ўборкі збожжавых культур. Няма нараканняў насельніцтва па закупу малака ў сяльчан. Цяпер гэтай вельмі важнай і адказнай справай займаецца індывідуальны прадпрымальнік А. І. Гаранін.
Вялікую ўвагу сельвыканкам удзяляе пытанням добраўпарадкавання, хаця тут яшчэ вельмі шмат нявырашаных спраў. Тым не менш, за апошні час выразаны кустарнікі і прыбрана смецце на могілках Іванава, Дубоўка, Дворнава, Лужкі, каля капліцы па вуліцы Кутузава ў в. Гарадзец. Не спыняюцца работы па зносу драхлых і непатрэбных пабудоў, ліквідаваны восем несанкцыянаваных звалак.
Працягваецца ўстаноўка і афарбоўка жалезабетонных і драўляных агароджаў, што толькі станоўча ўплывае на прыгажосць і ўтульнасць населеных пунктаў, хаця, як падкрэслівалася ў час пасяджэння, актыўнасць сяльчан у гэтай справе, ды і не толькі, не надта высокая. Тут сваё важкае слова павінны сказаць як дэпутаты мясцовага Савета, так і старэйшыны вёсак, актыў.
Свой непасрэдны ўклад у жыццё сяльчан уносяць і работнікі ДРБУ-131. Сіламі гэтага калектыву летась праведзена падсыпка гравійна-пясчанай сумессю дарог на вёскі Кавалі, Лугі, Кавалёва, Баравое, Вялікія Грыдзюшкі, Іванава. Папрацавалі дарожнікі і ў Лужках, за што ім удзячны жыхары аграгарадка.
Практыкуецца на тэрыторыі сельсавета і правядзенне выязных прыёмаў грамадзян як па месцы жыхарства, так і ў працоўных калектывах. Такіх сустрэч у 2011 годзе было 26. Усе паступіўшыя звароты разгледжаны ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны, на ўсе ўзнікшыя пытанні дадзены адказы або тлумачэнні.
На пасяджэнні прысутнічаў Эдуард КОРСАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *