Перад прафесійным святам міліцыянераў мы пабывалі ў раённым аддзяленні унутранных спраў і даведаліся пра яго работу

Актуальное

следча-аператыўная група — (злева направа) В. В. Згірскі, Ю. Л. Пяткевіч, І. В. Пачкоўскі, А. М. Іванюта, У. В. Гірстун — гатова да выезду ў любы момант сутак

Менавіта гэта — ахову парадку і законнасці — выбралі сваёй справай тыя людзі, што працуюць у Шаркаўшчынскім раённым аддзяленні ўнутраных спраў. Задачы ў кожнага аддзела, падраздзялення, службы  РАУС свае: хтосьці займаецца прафілактыкай злачынстваў і правапарушэнняў, хтосьці вядзе расследаванне, хтосьці непрасрэдна знаходзіцца на варце парадку ў гарадскім пасёлку і раёне. Але аб’ядноўвае іх адно — працаваць яны павінны так, каб па выніках іх работы чалавек у міліцэйскай форме выклікаў у людзей давер.

старшы дзяжурны АДС І. В. Седзюкевіч

Візітнай карткай РАУС па праву лічыцца аператыўна-дзяжурная служба (АДС). Сюды паступаюць званкі і заявы ад грамадзян пра злачынствы і здарэнні ў Шаркаўшчыне і раёне, тут адбываецца іх прыём і рэгістрацыя, аператыўна прымаецца рашэнне па рэагаванні на заявы. Кругласутачнае дзяжурства вядуць дзяжурны, памочнік дзяжурнага, вадзіцель. У суткі паступае, прыкладна, каля дзесяці заяў, а вось за мінулы год іх налічылася 2500. «Вядома, хацелася б, каб такіх заяў паступала да нас меней, — гаворыць старшы аператыўны дзяжурны АДС маёр міліцыі Ігар Вячаслававіч Седзюкевіч. — Бо кожная з іх абазначае, што недзе здарылася злачынства, крадзеж, за якімі заўсёды стаіць гора, чалавечая бяда».
Па рашэнні аператыўнага дзяжурнага на выклік накіроўваецца следча-аператыўная група.

начальнік аддзяленне крымінальнага вышуку Уладзімір Катовіч

Адным з лепшых у вобласці лічыцца аддзяленне крымінальнага вышуку, якое з 1998 года ўзначальвае падпалкоўнік міліцыі Уладзімір Валер’евіч Катовіч. Лічыцца не проста так, у іх адзін з самых высокіх паказчыкаў раскрываемасці. Так, у 2011 годзе ў Шаркаўшчынскім раёне было здзейснена 135 злачынстваў, 77,2 працэнта з іх былі раскрыты. Як аказваецца, пераважная большасць злачынстваў — крадзяжы. «Вядома, калі адбыўся  крадзёж, мы прыкладзем усе сілы, каб адшукаць злачынца, — гаворыць Уладзімір Валер’евіч. — Але лепей за ўсё папярэдзіць бяду. Таму заўсёды кажу людзям, будзьце ўважлівыя са сваёй маёмасцю, не пакідайце яе без нагляду».
Цяжка недаацаніць ролю ў жыцці жыхароў раёна, асабліва сельскіх населеных пунктаў, участковых інспектараў. Яны працуюць у цесным узаемадзеянні з насельніцтвам, іх роля заключаецца ў прафілактыцы злачынстваў і дапамозе ў расследаванні. У падраздзяленні аховы грамадскага парадку і прафілактыкі працуюць 10 участковых інспектараў і 2 інспектары па справах непаўналетніх. Часова выконвае абавязкі начальніка падраздзялення Аляксандр Іванавіч Талапіла. Вопытнымі работнікамі з’яўляюцца Іван Іосіфавіч Пачкоўскі, Міхаіл Уладзіміравіч Слабовіч, Пётр Антонавіч Пачкоўскі, Сяргей Георгіевіч Дарашчонак.
Калі перад астатнімі міліцыянерамі стаіць задача папярэдзіць або

маёр міліцыі Уладзімір Лукашэвіч

раскрыць здзейсненае злачынства, то работа прадстаўніка службы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі маёра міліцыі Уладзіміра Тадэвушавіча Лукашэвіча заключаецца ў тым, каб злачынства выявіць. Гэта можа быць карупцыя, нерацыянальнае выкарыстанне службовымі асобамі бюджэтных сродкаў. Па рабоце ад яго патрабуецца ведаць не толькі юрыдычныя, але і эканамічныя пытанні, агульная адукаванасць. Трэба сказаць, што Уладзімір Тадэвушавіч адзін са старэйшых работнікаў РАУС, працуе тут з 1992 года.
На добрым уліку ў вобласці крымінальна-выканаўчая інспекцыя РАУС у складзе старшага інспектара Дзмітрыя Міхайлавіча Чапулёнка і інспектара Валерыя Іосіфавіча Мішуты. Іх дзейнасць заключаецца ў кантролі за выкананнем пакаранняў, не звязаных з пазбаўленнем волі, прафілактычнай рабоце з асобамі, што вярнуліся з месцаў заключэння.
Увесь дзень паступаюць званкі і прыходзяць наведвальнікі ў групу па грамадзянству і міграцыі РАУС. Кваліфікаваныя адказы на шматлікія пытанні па афармленні дакументаў, выездзе за мяжу і іншым дае старшы інспектар маёр міліцыі Таццяна Гардзееўна Марозава. Трэба сказаць, што яна адзіная жанчына ў форме ў Шаркаўшчынскім РАУС.

старшы інспектар групы па грамадзянству і міграцыі РАУС Таццяна МАРОЗАВА і старшы пашпартыст Таццяна Баговіч

Напярэдадні свята было прынята рашэнне аб узнагароджанні начальніка  Шаркаўшчынскага РАУС Сяргея Мікалаевіча Арэшкава Ганаровай граматай упраўлення унутраных спраў Віцебскага аблвыканкама. «Гэта ўзнагарода, — гаворыць Сяргей Мікалаевіч, —   з’яўляецца вынікам сумленнай і зладжанай працы ўсяго без выключэння нашага калектыву. Хочацца выказаць ім словы падзякі за адказныя адносіны да сваіх абавязкаў, прафесіяналізм. Ну і канешне ж, віншую ўсіх работнікаў міліцыі са святам. Віншую таксама нашых ветэранаў, якія аддалі службе ў міліцыі большую частку свайго жыцця. Жадаю ўсім здароўя, шчасця, удачы, дабрабыту».
Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *