
Паказчыкі прадукцыйнасці буйной рагатай жывёлы неразрыўна звязаны з тым, наколькі правільна і збалансавана забяспечаны яе догляд і кармленне ў раннім узросце, як маладняк развіваецца пасля нараджэння. На ферме “Цэнтр” КУВСП “Гарадзец” аператарамі па дарошчванні маладняку БРЖ працуюць Ганна Сідаронак, Вольга Баркоўская і Вольга Міронава. У абавязкі жанчын уваходзяць догляд за цялятамі, іх кармленне, паенне і перадача ўжо падросшых бычкоў для адкорму на малочна-таварную ферму Канавалава. У выхадныя дні жанчын падмяняе адзіны ў калектыве мужчына, аператар па дарошчванні маладняку Сяргей Альшанікаў.
Цяляты на ферме “Цэнтр” утрымліваюцца ў памяшканні, на працягу дня выпускаюцца яны і ў адкрытыя загоны на вуліцу. Як адзначылі самі даглядчыцы, знаходжанне цялят на свежым паветры ўмацоўвае іх арганізм. Так з самага нараджэння жывёлы загартоўваюцца, становяцца больш трывалымі.
Памяшканне для ўтрымання цялят на дарошчванні разлічана на 240 галоў. Самых маленькіх, узрост якіх ад 20 дзён да 2 месяцаў, даглядае самы вопытны работнік Ганна Міленцьеўна Сідаронак. Ва ўзросце 2 месяцаў маладняк пераходзіць да Вольгі Міхайлаўны Міронавай, якая перадае падросшых цялят Вользе Мар’янаўне Баркоўскай. Вольга Мар’янаўна даглядае самую старэйшую групу маладняку, там утрымліваюцца цяляты ад 4 да 6 месяцаў.
Каб жывёла расла здаровай, жанчыны пільна сочаць за станам яе здароўя. Ну і, канечне, многае залежыць ад збалансаванасці рацыёну.
А самі аператары па дарошчванні, якія працуюць з маладняком, да сваёй работы заўсёды адносяцца адказна, своечасова мяняюць цялятам падсцілку, падсыпаюць корм, уважліва сочаць за станам здароўя. Вось і загадчыца фермы Цэнтр Нона Вячаславаўна Багамолава адзначыла, што маладняк у дружнага жаночага калектыву заўсёды накормлены, напоены і дагледжаны. Таму і прывагі стабільныя. Бо адносяцца жывёлаводы да сваёй працы з душой і належным чынам выконваюць свае абавязкі.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.