Настаўніца біялогіі Шаркаўшчынскай СШ № 2 Аксана Паўлаўна Пачэпка стала лепшым грамадскім эколагам Беларусі ў 2017 годзе. Адпаведны дыплом пераможцы рэспубліканскага конкурсу падчас нарады ў райвыканкаме ёй уручыў старшыня Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Міхайлавіч Ламака.
Пасля заканчэння Полацкага музычна-педагагічнага вучылішча і Віцебскага педінстытута Аксана Паўлаўна на працягу 20 гадоў працавала настаўніцай, педагогам арганізатарам і намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў Шаркаўшчынскай сярэдняй школе № 1. Апошнія 5 гадоў яна выкладае біялогію ў СШ № 2 нашага гарадскога пасёлка, пры гэтым вялікая ўвага ў школе надаецца экалагічнаму выхаванню дзяцей і падлеткаў.
Сваіх юных экалагаў Аксана Паўлаўна далучыла да ўдзелу ў праектах Еўрапейскага саюза Праграмы развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь “Садзейнічанне развіццю ўсеабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў РБ” і “Малыя рэкі – вялікія праблемы: працуем разам над аховай і будучым малых рэк басейна ракі Дзісна”. Названыя праекты зацікавілі шмат людзей, а паспяховае выкананне пастаўленых задач дазволіла школе № 2 атрымаць заветны статус “Зялёная школа” і дыплом другой ступені.
Актуальнай для нашага раёна застаецца праблема забеспячэння насельніцтва чыстай пітной вадой. Пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі эколагі Шаркаўшчынскай СШ № 2 звярнулі на яе самую пільную ўвагу. Было абследавана 68 крыніц пітнога водазабеспячэння на ўтрыманне нітратаў і нітрытаў. Рэзультаты паказалі наступнае: вада ў 18 калодзежах утрымлівае нітраты ў канцэнтрацыі, значна большай за санітарныя нормы. Гэтай інфармацыяй дзеці і іх педагог падзяліліся з мясцовымі жыхарамі і далі парады па догляду за месцамі ўтрымання вады.
А яшчэ Аксана Паўлаўна — ў ліку ўдзельнікаў грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Разам з іншымі прадстаўнікамі гэтай арганізацыі яна ўдзельнічае ў акцыях і кампаніях грамадскага аб’яднання: праводзіць назіранні за птушкамі, вядзе ўлік шэрага жураўля, майструе і распаўсюджвае гняздоўі для птушак, далучае да гэтай работы дзяцей. З 2015 года настаўніца біялогіі яшчэ і захавальніца балота Ельня – тэрыторыі, свабоднай для птушак.
Можна любіць прыроду, назіраць за ёй, не забруджваць навакольнае асяроддзе, актыўна ўдзельнічаць у шматлікіх акцыях і праектах на экалагічную тэматыку. А яшчэ, добра разумеючы значнасць экалагічных праблем у грамадстве, можна далучыць да такой цікавай, захапляльнай і, безумоўна, патрэбнай дзейнасці па вывучэнні прыроды роднага краю дзяцей. Расказаць ім пра ўнікальнае для ўсёй нашай краіны балота “Ельня”, якое так важна захаваць, пазнаёміць з яго раслінным і жывёльным светам. Адарваць шаркаўшчынскіх вучняў ад гаджэтаў, камп’ютараў і мабільных тэлефонаў і навучыць бачыць прыгажосць, якая зусім побач. Пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі ў Шаркаўшчынскай СШ № 2 рэзультатыўна працуюць два экалагічныя клубы: “Крылаты дазор” і “Зялёны патруль”.
Аксана Паўлаўна – карэнная шаркаўчанка. Разам з мужам Расціславам Валянцінавічам яна выхавала дваіх дзяцей. Дачка Каця працуе аператарам на газанапаўняльнай станцыі прадпрыемства “Беларусьнафта” у Полацку, сын Данііл вучыцца ў 8 класе Шаркаўшчынскай СШ № 2.
Экалагічнае выхаванне вучняў — задача, надзвычай важная ў нашы дні. Усёй планеце патрэбна дапамога, і гэта аксіома больш не патрабуе доказаў, бо многія адмоўныя фактары забруджвання навакольнага асяроддзя мы ўжо даўно адчуваем на сабе. А таму лепшы грамадскі эколаг Беларусі робіць стаўку на падрастаючае пакаленне і разам з дзецьмі сістэматычна, мэтанакіравана і паступова знаходзіць шляхі вырашэння многіх экалагічных праблем, уласцівых для нашай мясцовасці. Ад гэтай плённай дзейнасці выігрываюць усе: і грамадства, і дарослыя, і дзеці , і сама прырода.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.