Хараство, якое вабіць вока, стварае майстар-самавук з вёскі Шкунцікі Алег Канстанцінавіч Рабіза

Актуальное

Алег Канстанцінавіч каля зробленай брамы
Алег Канстанцінавіч каля зробленай брамы

Сёння ў нашым раёне не так шмат пражывае майстроў, якія захапляюцца народнымі промысламі і рамёствамі. Раней жа ў кожнай вёсцы мужчыны выраблялі валёнкі, майстравалі сані, плялі лапці, кошыкі, займаліся бондарскай справай.

У адзін з восенькіх дзён мы на сваіх рэдакцыйных “Жыгулях” трапілі ў вёску Шкунцікі. Там, на ўскрайку населенега пункта, пражываюць Алег Канстанцінавіч Рабіза разам з жонкай Ядвігай Вацлаваўнай. Не ведаючы дакладна адрас, цяжка знайсці гэты дом, бо размешчаны ён за вытворчымі памяшканнямі сельгаспрадпрыемства, у зацені высокіх дрэў. Ад чалавечага вока схавана сапраўдная прыгажосць. У гэтым мы ўпэўніліся, калі трапілі ў падворак Рабізаў. Вокны ў цагляным доме аздоблены выразанымі ліштвамі (налічнікамі), на сценах гаспадарчых пабудоў намаляваны персанажы савецкіх мультыплікацыйных фільмаў. Усё гэта ўражвае сваёй прыгажосцю. Яшчэ больш шыкоўна выглядае альтанка, якая размешчана побач з домам. Перад ёй збудавана драўляная брама. Гаспадыня ласкава запрасіла нас ў дом, дзе мы пагутарылі з ёй і з Алегам Канстанцінавічам.

— Родам я з вёскі Крапіўнікі, якая размяшчаецца ад нас праз раку Дзісна, — кажа гаспадар. — У юнацтве, пасля школы, разам з сябрам у пошуках рамантыкі і вялікіх заробкаў адправіліся ва Украіну на вугальныя шахты. У суседняй рэспубліцы закончыў вучылішча і атрымаў спецыяльнасць падземнага электраслесара. Адпрацаваў на шахтах тры гады, а ў 1967 вярнуўся ў родныя мясціны да бацькоў. Падчас тэрміновай службы ў арміі пазнаёміўся з хлопцамі, які займаўся вырабам нагляднай агітацыі для вайсковай часткі. Гэта мастацкая справа зацікавіла і мяне. Пасля дэмабілізацыі працаўладкаваўся мастаком-афарміцелем у Шаркаўшчынскі камбінат бытавога абслугоўвання. Але праз пэўны час пераехаў жыць і працаваць у вёску. У той час працы хапала: я шчыраваў у калгасе на трактары, аўтамабілі, падчас уборачнай кампаніі садзіўся за штурвал зернеўборачнага камбайна. Паралельна з гэтымі абавязкамі рабіў стэнды з нагляднай агітацыяй для свайго калгаса, суседніх сельгаспрадпрыемстваў, навучальных устаноў. Аднойчы прйшлося нават намаляваць партрэт Уладзіміра Леніна.

У доме Алега Канстанцінавіча дзверы, столь, печ, сцены аздоблены прыгожымі малюнкамі, над якімі аўтар працуе ў сваёй майстэрні кожны дзень і нават ноччу.

— Ведаеце, ён аднойчы напісаў мой партрэт, — пахвалілася жонка гаспадара Ядвіга Вацлаваўна. — Я, шчыра кажучы, нічога не разумею ў мастацтве, але вельмі рада, што муж стварае такое хараство, якое вабіць вока.

— У мяне ніколі не было мэты выстаўляць свае вырабы на продаж, — падзяліўся сваімі думкамі Алег Канстанцінавіч. — Я лічу, што не ў матэрыяльным здабытку заключаецца шчасце чалавека. Проста хачу, каб наша з жонкай сядзіба выглядала прыгожа, і дзецям сваім дапамагаю ў гэтым плане.

Альтанка, зробленая ўласнымі рукамі майстра
Альтанка, зробленая ўласнымі рукамі майстра

Дарэчы, як мы заўважылі, у вёсцы Пашкі, дзе пражывае дачка Алега Канстанцінавіча і Ядвігі Вацлаваўны Людміла, зроблена рукамі яе бацькі шыкоўная альтанка. Кожны, хто праязджае па дарозе міма яе дома, абавязкова звяртае ўвагу на цудоўную кампазіцыю, якую з любоўю ў сэрцы зрабіў для сваіх родных людзей Алег Канстанцінавіч — выдатны майстар-самавучка з вёскі Шкунцікі.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *