10 лістапада адбыўся справаздачны сход Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”. На ім былі падведзены вынікі работы за 2017 год і разгледжана пытанне “Аб правядзенні месячніка “Белая трость”. На сходзе прысутнічалі загадчыца аддзялення дзённага прабывання для інвалідаў Таццяна Мар’янаўна Клімза, загадчыца аддзялення сацыяльная адаптацыі і рэабілітацыі Святлана Францаўна Нікалаева, супрацоўнікі і наведвальнікі аддзялення дзённага прабывання для інвалідаў і члены Шаркаўшчынскай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”.
Перад прысутнымі выступілі старшыня Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі “БелТІЗ” Надзея Іванаўна Іванова і загадчыца аддзялення дзённага прабывання для інвалідаў Таццяна Мар’янаўна Клімза. Яны паведамілі аб тым, што на сённяшні дзень у Шаркаўшчынскім раёне пражываюць 53 інваліды па зроку, з іх 1 групы – 10 чалавек, 2 групы – 20 чалавек, 3 групы – 22 і 1 сляпы дзіцяці-інвалід. Пры гэтым на ўліку Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” знаходзяцца 20 інвалідаў ва ўзросце ад 32 да 88 год, з іх 3 чалавекі – інваліды 1 групы, 11 – другой групы і 6 – 3 групы.
З асноўнымі сродкамі рэабілітацыі інвалідаў па зроку прысутных пазнаёміла загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі С. Ф. Нікалаева.
Бо адзін з галоўных накірункаў дзейнасці арганізацыі – садзейнічанне ў забеспячэнні інвалідаў па зроку сродкамі рэабілітацыі. У 2017 годзе Уладзімір Пятровіч Савіцкі, інвалід 1 групы, атрымаў гаворачы будзільнік, флэш-плэер для праслухоўвання агучанай літаратуры, смартфон з устаноўленай праграмай “Штурман”. Крыху раней малады чалавек атрымаў камп’ютар ад абласной арганізацыі “БелТІЗ”. На сходзе Уладзімір пазнаёміў прысутных з работай гэтых прыстасаванняў і адзначыў, што яны значна аблягчаюць жыццё інвалідаў па зроку.
Шаркаўшчынская раённая арганізацыя ГА “БелТІЗ” актыўна супрацоўнічае з тэрытарыяльным Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аддзяленнем дзённага прабывання для інвалідаў. У бягучым годзе 3 прадстаўнікі раённай арганізацыі “БелТІЗ” прайшлі рэабілітацыю як інваліды па зроку ў горадзе Віцебск. Рэгулярна праводзяцца культурна-масавыя, інфармацыйныя, аздараўленчыя мерапрыемствы ў аддзяленні дзённага прабывання для інвалідаў у нашым гарадскім пасёлку. З дапамогай спецыяльных тэхнік, камп’ютарных праграм і прыстасаванняў людзі, якія страцілі зрок, вывучаюць навакольны свет, вучацца чытаць і пісаць, жыць у грамадстве. Так з 15 кастрычніка і да 15 лістапада ў раёне, як і па ўсёй краіне, праходзіў месячнік “Белая палка”. Яго вынікі былі абмеркаваны падчас сустрэчы. Размова, што прайшла ў аддзяленні дзённага прабывання для інвалідаў, дазволіла кожнаму абмяняцца думкамі і ўражаннямі, закранула тыя праблемы, з якімі даводзіцца вучыцца жыць кожнаму, хто страціў зрок. Адапціравацца да новых умоў, пераадолець бар’ер страху, заняць сябе цікавай справай, навучыцца знаходзіць кантакт з іншымі, прымусіць сябе ставіць мэту і дасягаць яе – усё гэта задачы, якія крок за крокам, у час сустрэч і размоў стараюцца вырашаць для сябе невідушчыя людзі пры дапамозе спецыялістаў ТЦСАН, супрацоўнікаў аддзялення дзённага прабывання для інвалідаў і з дапамогай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “БелТІЗ”. Пасля завяршэння афіцыйнай часткі мерапрыемстыва свае надзённыя клопаты і радасці прысутныя, як заўсёды, абмеркавалі за кубачкам гарачай гарбаты.