У чарговы раз наш раён наведаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Рычардавіч Зямчонак, каб сустрэцца з выбаршчыкамі, абмеркаваць з імі актуальныя праблемы сацыяльна-эканамічнага жыцця і іншыя пытанні.
У раённым выканаўчым камітэце народны абраннік правёў “прамую тэлефонную лінію” і прыём грамадзян па асабістых пытаннях. Дэпутату патэлефанаваў жыхар аграгарадка Лужкі Іван Новікаў. Мужчыну вельмі непакояць факты ўзнікнення несанкцыянаваных звалак бытавых адыходаў на берагавых лініях ракі Мнюта ў населеным пункце, а таксама распаўсюджванне ў некаторых месцах баршчавіка Сасноўскага. Па фактах узнікнення несанкцыянаваных звалак бытавых адыходаў сярод мясцовага насельніцтва пастаянна праводзіца тлумачальная работа. Работнікамі сельгаспрадпрыемства “Гарадзец” сумесна з Лужкаўскім сельвыканкамам у вясенне-летні перыяд ліквідуюцца ачагі, дзе расце баршчавік Сасноўскага.
Жыхар вёскі Баравое Міледзій Андзілеўка цікавіўся магчымасцю размяшчэння ў аграгарадку Лужкі стацыянарнай або перасоўнай аўтазаправачнай станцыі. Гэта пытанне хвалюе мясцовых жыхароў ўжо не першы год. Сяргей Рычардавіч па гэтай праблеме звяртаўся ў канцэрн “Белнафтахім”. На жаль, з-за адсутнасці фінансавых сродкаў у бліжэйшы час прадпрыемства не можа абсталяваць АЗС у Лужках.
На асабісты прыём да дэпутата прыйшлі жыхары вуліцы Заслонава з гарадскога пасёлка. Іх непакоіць пытанне ўсталявання водаправода. Справа ў тым, што некаторыя домаўласнікі падвялі да сваіх сядзіб ваду, а большая частка вуліцы застаецца без водаправода. Жыхары стварылі кааператыў, выплацілі грошы за складанне праектна-каштарыснай дакументацыі, але па пэўных тэхнічных прычынах вада да будучых карыстальнікаў яшчэ не трапіла. Свае каментарыі па дадзенай праблеме далі начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Валянцін Францавіч Бука, начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Наталля Расціславаўна Цітовіч і галоўны інжынер УКП ЖКГ Аляксей Уладзіміравіч Чупроў.
Парламентарый уважліва выслухаў абодва бакі па дадзенай праблеме, пагутарыў са старшынёй райвыканкама Дзмітрыем Міхайлавічам Ламака і паабяцаў жыхарам, якія прыйшлі да дэпутата на прыём, садзейнічанне ў рашэнні пытання пракладкі водаправода.
Сяргей Рычардавіч сказаў, што невырашальных пытанняў не існуе. Галоўнае, знайсці правільны падыход да чалавека, яго праблем, а затым, кіруючыся законам, юрыдычнымі нарматыўна-прававымі актамі, аказаць яму дапамогу.
Сяргей РАЙЧОНАК.