Творчасць Якуба Коласа не страчвае сваёй актуальнасці і ў нашы дні. Асаблівае захапленне выклікаюць творы, напісаныя для дзяцей, казкі ў яго апрацоўцы. Менавіта ў казках Якуб Колас бачыў надзейны стрыжань выхавання маладога пакалення. На думку класіка — гэта адна з самых даходлівых формаў вобразнага пазнання свету і адначасова эстэтычная асалода, якую атрымліваюць дзеці. Якуб Колас апрацаваў звыш 40 народных казак, напісаў безліч вершаў для дзяцей.
Каб бліжэй пазнаёміць сваіх юных чытачоў з казкамі аднаго з самых вядомых беларускіх пісьменнікаў , бібліятэкар Шаркаўшчынскай дзіцячай бібліятэкі Людміла Аляксандраўна Казіцкая правяла для вучняў 4 класа літаратурнае падарожжа “Казачны свет Якуба Коласа”. Падчас мерапрыемства таксама была ўрачыста адкрыта выстава дзіцячых малюнкаў, створаных юнымі аўтарамі па матывах казак таленавітага аўтара.
Падчас цікавай сустрэчы ў бібліятэцы хлопчыкі і дзяўчынкі пачулі шмат цікавых фактаў пра дзяцінства будучага класіка беларускай літаратуры, пазнаёміліся з яго творамі для дзяцей, абмеркавалі найбольш цікавыя казкі і прадэманстравалі свае малюнкі да гэтых казак. Некаторыя вершы Якуба Коласа прачыталі ўдзельнікі літаратурнага клуба “Жывое слова” Ірына Дземідовіч, Уладзіслаў, Вікторыя і Вераніка Смерцьевы. Правесці цікавае мерапрыемства ў дзіцячай бібліятэцы Людміле Казіцкай дапамаглі вучні 4 “Б” класа Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1 разам з класным кіраўніком Аленай Алегаўнай Чарняўскай. Вучні 4 “А” класа гэтай жа школы прысутнічалі на мерапрыемстве ў якасці гледачоў. На памяць пра цікавае літаратурнае падарожжа ад супрацоўнікаў дзіцячай бібліятэкі дзеці атрымалі партрэты аўтара, казкі якога ім вельмі спадабаліся.