28 лістапада Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Алан Шогам уручыў узнагароды прадстаўнікам пяці сем’яў — нашчадкам Праведнікаў народаў свету

Актуальное Общество

 

 

IMG_1926 (Копировать)

У Беларусі не знойдзецца дома, па якім бы вогненнымі коламі не праехала Вялікая Айчынная вайна. І няма ў нашай краіне горада, раёна, у якім не было б знішчана мірнае яўрэйскае насельніцтва. Выжыць у часы Халакосту ўдавалася нямногім. 28 лістапада ў Шаркаўшчыне адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання жыхароў нашага раёна — Праведнікаў народаў свету. Так называюць людзей, якія рызыкуючы жыццём дапамагалі яўрэям у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Ганаровае званне “Праведнік народаў свету” прысуджае Ізраільскі інстытут Катастрофы і гераізму Нацыянальнага мемарыяла Яд Вашэм, пры гэтым узнагароджаныя атрымліваюць ганаровы дыплом і імянны медаль з надпісам “Той, хто выратаваў адзіную душу, выратаваў цэлы свет”. Прадстаўнікам пяці сем’яў з нашага раёна ўзнагароды прысуджаны пасмяротна. 28 лістапада іх атрымалі дзеці і ўнукі выратавальнікаў.

У адной са спраў Мемарыяла Катастрофы і гераізму захоўваюцца сведчыя паказанні Іосіфа Саснавіка, 1918 года нараджэння, які ацалеў у перыяд акупацыі Заходняй Беларусі, і яго выжыўшых жонкі, брата, бацькі і сына Якава. Выратаваны расказваў, што летам 1941 года члены яго сям’і апынуліся ў гета мястэчка Германавічы. Там у яго жонкі нарадзіўся сын Якаў. Калі дзіцяці было толькі 4 месяцы, каб выратаваць ад смерці, бацькам удалося перадаць яго ў рукі маладой жанчыны-беларускі Марыі Казачонак, якая выдала хлопчыка за свайго сына і клапацілася пра яго увесь перыяд акупацыі.

Сямён Саснавік, 1887 года нараджэння, вядомы ў Германавічах у той час фармацэўт, каб не трапіць у гета, вымушаны быў разам з сям’ёй (двума сынамі і нявесткай) шукаць дапамогі ў мясцовага насельніцтва. Нягледзячы на тое, што за ўкрыванне яўрэяў фашысты пагражалі знішчыць вяскоўцаў і іх родных, звыш 10 сем’яў дапамагалі Саснавікам выжыць у час вайны, шукалі ім сховішча, забяспечвалі ежай. Выратавальнікамі аказаліся  звычайныя вясковыя жыхары — браты Франц і Антон Жукі з вёскі Шышкі, муж і жонка Аляксандр і Ніна Крыўка з Вялікага Сяла, сям’я Мікалая Мікалаёнка з вёскі Папялы, браты Іван і Павел Чарняўскія з вёскі Пішчалёўка, Іван Драба з хутара Хатулеўка. Усе гэтыя людзі давалі ў розны перыяд сховішча  Марыі Казачонак з маленькім Якавам (сынам Іосіфа Саснавіка) і чатыром выратаваным, якія знаходзіліся ў дамах сваіх выратавальнікаў то разам, то паасобку.

— Мы бясконца ўдзячны ўсім людзям, якія ратавалі нашых суайчыннікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. У яўрэйскага народа ёсць будучыня дзякуючы гэтым людзям, — адзначыў падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджвання Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Алан Шогам, які і ўручыў памятныя ўзнагароды жыхарам нашага раёна. — Вельмі важна, каб людзі, якія ратавалі мірнае яўрэйскае насельніцтва ад смерці, не былі забыты. Гэта наш абавязак перад тымі, каго вы называеце Праведнікамі народаў свету, а мы проста — Выратавальнікамі. І той факт, што былі людзі, якія рызыкуючы сваім жыццём і жыццём сваіх родных, не засталіся ў баку і працягнулі руку дапамогі ні ў чым не павінным людзям, якіх праследвалі і знішчалі — гэта для нас надзвычай важна.

Са словамі ўдзячнасці да ўсіх прысутных звярнуліся нашчадкі выратаванай у гады Вялікай Айчыннай вайны яўрэйскай сям’і — Барыс Іосіфавіч і Леў Якаўлевіч Саснавікі.

На ўрачыстай цырымоніі ўручэння Дыпломаў і Медалёў Праведнікам народаў свету Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь цёпла прывітаў старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрый Міхайлавіч Ламака. Падчас свайго выступлення кіраўнік раёна адзначыў, што шаркаўчане ганарацца тым, што сярод Праведнікаў народаў свету ёсць і жыхары нашага раёна, якія, нават знаходзячыся ў атмасферы штодзённага страху, засталіся мужнымі людзьмі. І сёння іх жыццё — прыклад для ўсіх нас. А само мерапрыемства яшчэ раз нагадала ўсім прысутным пра тое, якім кволым усё ж такі з’яўляецца мір у свеце і жыццё чалавека ў ім. Кожнаму з нас неабходна прыкладаць максімум намаганняў, каб падобная катастрофа ніколі не паўтарылася.

Падчас урачыстай цырымоніі ў нашым гарадскім пасёлку Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Алан Шогам уручыў узнагароды прадстаўнікам пяці сем’яў, жыхарам нашага раёна. У іх ліку — Марыя Іосіфаўна Хаданёнак (унучка Франца Жука і яго брата Антона, якія, як і наступныя выратавальнікі, удастоены звання “Праведнікі народаў свету”), Мікалай Барысавіч Крыўка (унук Аляксандра і Ніны Крыўка), Галіна Чаславаўна Ажгінь (унучка Мікалая Мікалаёнка), Марыя Іванаўна Чарняўская (дачка Івана Чарняўскага) і Радзіслаў Паўлавіч Чарняўскі (сын Паўла Чарняўскага), Мікалай Уладзіміравіч Карзянок (унук Івана Драбы).

Вялікая Айчынная вайна закранула кожную сям’ю ў Беларусі. Таму і на цырымоніі ўзнагароджвання “Праведнікаў народаў свету” было шмат людзей — прадстаўнікоў раённай улады і раённага Савета дэпутатаў, грамадскіх і прафсаюзных арганізацый, ветэранаў працоўных калектываў і вучняў школ, сем’яў выратавальнікаў і сем’яў тых, каго выратавалі. У фае раённага выканаўчага камітэта была прадстаўлена выстава работ мастакоў на тэму “Памяць без тэрміну даўнасці”, прысвечаная тэме Халакосту. Арганізатарамі правядзення гэтай выставы выступілі Шаркаўшчынскі райвыканкам і Германавіцкі культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча, які ўзначальвае Ада Эльеўна Райчонак. З работамі мастакоў, прадстаўленымі на выставе, прысутных пазнаёміў мастак з нашага гарадскога пасёлка Віктар Фёдаравіч Крук. Міжнародную фотавыставу “Мы з Беларусі” напачатку цырымоніі ўзнагароджвання прэзентаваў дырэктар Велікасельскай ДС-СШ Юрый Часлававіч Матуль.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара і Валерыя КАВАЛЁНКА.

IMG_1899 (Копировать)

IMG_1850 (Копировать) IMG_1861 (Копировать) IMG_1862 (Копировать) IMG_1878 (Копировать) IMG_1880 (Копировать) IMG_1886 (Копировать) IMG_1889 (Копировать) IMG_1890 (Копировать)IMG_1902 (Копировать) IMG_1905 (Копировать) IMG_1906 (Копировать) IMG_1915 (Копировать) IMG_1918 (Копировать) IMG_1924 (Копировать)

 

IMG_1934 (Копировать)IMG_1938 (Копировать) IMG_1940 (Копировать) IMG_1942 (Копировать)



2 комментария по теме “28 лістапада Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Алан Шогам уручыў узнагароды прадстаўнікам пяці сем’яў — нашчадкам Праведнікаў народаў свету

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *