Навіны з Лужкаўскай і Іёдскай школ

Молодежь

Чым жыве моладзь у аграгарадках? Як праводзіць вольны час? На гэтыя пытанні можна атрымаць адказ, прачытаўшы матэрыялы, якія даслала ў рэдакцыю вучаніца 9 класа Лужкаўскай СШ Кацярына ГРЫДЗЮШКА. Каця — актыўная прадстаўніца сельскай моладзі. Яна не абыякавая да праблем равеснікаў. Дзяўчына прымае ўдзел у агульнашкольных мерапрыемствах. Прыемна, што Кацярына дзеліцца ўражаннямі і думкамі аб убачаным на старонках нашай газеты. Думаецца, што гэты допіс не апошні ў “раёнцы” і мы будзем рэгулярна атрымліваць весткі з Лужкаўскай СШ.
Зімовыя забавы
Зіма – адзін з самых цікавых і прыгожых сезонаў. Белай коўдрай пакрыта зямля, скаваныя лёдам рэчкі, рачулкі, азёры. Снежныя шапкі надзелі дрэвы, у снегавое убранне пераапрануўся і лес. А калі на вуліцы марозік і неба яскрава-чыстае, то ўсё навокал ззяе мільёнамі снежных аксамітаў.
А колькі радасці дзецям – снежкі, снегавікі, катанне з горак на санках і мяшках, лыжы, канькі… Засмучала толькі тое, што ўсе жадаючыя пакатацца на лыжах і санках маглі без перашкод рабіць гэта, а вось аматарам канькоў не было дзе “разгуляцца”, бо ні катка, ні месца для яго не было прадугледжана.
І вось, с пачаткам маразоў, па школе пранеслася вестка: “Будзем заліваць каток!” Спачатку мы, шчыра кажучы, не паверылі. Дзе яго будуць заліваць? Хто і як будзе гэта рабіць? На чым мы будзем катацца? Але на ўсе нашыя пытанні былі знойдзены адказы: каток будзе залівацца на спартыўнай пляцоўцы каля школы, заліваць яго будуць настаўнікі, тэхработнікі і самі вучні, а катацца будзем на каньках, якія нам выдзеліць аддзел па фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама.
Справа пайшла хутка, бо многія вучні пажадалі ўнесці свой пасільны ўклад ў агульную справу. Дапамагала і надвор’е — траскучы мароз хутка замарожваў новыя слаі лёду. Але нам было складана дачакацца адкрыцця школьнага катка, таму мы паспелі наведаць і раённы, каб было з чым параўнаць.
І вось, калі каток быў гатовы, а канькі прывезены, дзеці пабеглі на “месца для зімовых забаў”. Каталіся ўсе: маленькія і старшакласнікі, хлопцы і дзяўчаты. Пасля школьных заняткаў на каток было не прабіцца.

Завочнае падарожжа па лініі Сталіна
Зусім нядаўна мы адзначалі свята — Дзень абаронцаў Айчыны. У гэты дзень віншавалі ўсіх хлопцаў і мужчын — нашых абаронцаў і надзею на мірнае жыццё. Але ніколі не згіне памяць пра тых, хто абараняў нашу Радзіму ад нямецкага нашэсця, змагаўся за нашу будучыню.
Таму ў нашай школе адбылося мерапрыемства “Завочнае падарожжа па Лініі Сталіна”, галоўнай мэтай якога было патрыятычнае выхаванне, захаванне памяці аб ваенных дзеяннях на тэрыторыі Беларусі.
Класным кіраўніком шостага класа Надзеяй Уладзіміраўнай Радзевіч была падрыхтавана цікавая прэзентацыя аб Лініі Сталіна. Лінія Сталіна — гэта вельмі цікавы комплекс у тым плане, што да кожнага экспаната пад адкрытым небам можна дакрануцца рукамі, уявіць сабе, што ты мінамётчык ці артылерыст. На базе музея створаны таксама “ваенныя шляхі”, на якіх быццам бы хвіліну назад вяліся баявыя дзеянні. Сам комплекс быў адкрыты у 2005 годзе і прысвечаны шасцідзесяцігоддзю перамогі у Вялікай Айчыннай Вайне. Створаны ён усяго за паўгода па загаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі на сродкі фонда “Памяць Аўгана” і добраахвотнікаў.
Таксама была падрыхтавана прэзентацыя пра спаленыя вёскі і цэлыя раёны нашай вобласці. Гэта Ушацкі, Шаркаўшчынскі, Расонскі, Верхнядзвінскі і іншыя.
На мой погляд, такія мерапрыемствы вельмі карысныя для моладзі. Так шчасліва склаўся наш лёс, што мы не ведаем(і, спадзяюся, ніколі не даведаемся), што такое вайна. Але калісьці яна прайшла па нашых тэрыторыях, знішчыла кожнага трэцяга жыхара нашай краіны. І таму мы павінны помніць тых, хто падарыў нам мірнае жыццё. Бо без памяці аб мінулым няма і будучага.
Матэрыял падрыхтаваў Аляксандр БАРЫЛА

***

З памяццю ў сэрцы

Пра самыя адметныя і цікавыя падзеі, што адбываюцца ў школах рэгіёна, у рэдакцыю даволі часта паведамляюць вучні. 8 лютага, у дзень юнага героя-антыфашыста, памятнае мерапрыемства адбылося ў Іёдскай СШ-садзе. Чым запомнілася гэта дата настаўнікам і дзецям, расказалі ў дасланым у рэдакцыю лісце ўдзельніцы гуртка “Рэпарцёр”, вучаніцы 5 класа Насця Машнюк і Яна Недзведзь:
— Дзень юнага героя-антыфашыста прысвячаецца хлопчыкам і дзяўчынкам, дзяцінства якіх было апалена вайной. У нашай школе піянеры арганізавалі ўрачысты збор, каб ушанаваць памяць юных герояў. Па добрай традыцыі пяцікласнікі ў гэты дзень уступаюць у піянеры. Усе старанна рыхтаваліся да свята і вельмі яго чакалі. І вось наступіў хвалюючы момант. Піянеры прыйшлі на збор. У поўнай цішыні прагучаў рапарт старшынь саветаў атрадаў. Чарговы раз уражваюць страшныя лічбы, узгаданыя старэйшай піянерважатай: “4 гады вайны, 34 тысячы гадзін і 20 мільёнаў людзей, якія загінулі. Сярод іх былі і юныя героі, якія аддалі жыццё за шчасце людзей: Лёня Голікаў, Валя Коцік, Марат Казей і іншыя.”
Гучыць каманда “Смірна!” — і мы ўрачыста абяцаем: “Любіць сваю Радзіму, быць добрымі і справядлівымі, заўсёды выконваць законы піянераў Беларусі!” Нам павязваюць гальштукі. Гучыць гімн. Цяпер мы — піянеры!
Падрыхтавала Вольга СТАШЭЎСКАЯ



1 комментарий по теме “Навіны з Лужкаўскай і Іёдскай школ

  1. Мне очень понравилась статья Ольги Сташевской — ученицы Иоддской СШ. Понравилась статья тем, что я тоже помню, как я и мои друзья из Буевщинской начальной школы (была тогда такая школа) на телеге (вез нас завхоз) ехали в Иоды и в СДК нас торжественно принимали в пионеры. Я до сих пор помню свой красный галстук, как его носил и каждый день гладил утюгом. Это, конечно был праздник! Мне очень приятно, что до сих пор в Белоруси есть пионеры. После окончания Иодской СШ, я поступил в высшее военное училище, а потом служил в разных частях воинских в России. Но когда приезжаю В Шарковщинский район, то всегда стараюсь побывать в Иодах и около школы. Правда, тех зданий школы (деревянных) уже нет. Ребята, удачи вам в ваших делах!!!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *