Даша Касцюкевіч — юная спявачка, салістка ўзорнага тэатра эстраднай песні “Маленькая фея”, якая добра знаёмая шаркаўшчынскаму гледачу. А яшчэ яна ўдзельніца шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных музычных праектаў.
18 і 19 лістапада ў Наваполацку прайшоў міжнародны конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Халі-Хало”, у якім Даша прыняла ўдзел. Дарэчы, шаркаўчанка разам з танцавальнай групай ужо ў другі раз выступаюць у Наваполацку ў ліку фіналістаў гэтага музычнага свята. Усяго было пададзена 126 заявак для выступлення. Кампетэнтнае журы для прагляду ў фінале пакінула толькі 54 удзельнікаў з сямі краін бліжняга і дальняга замежжа.
Гасцей і ўдзельнікаў цёпла віталі прадстаўнікі Міністэрства культуры краіны, Віцебскага аблвыканкама і наваполацкія ўлады. Журы конкурсу ўзначаліла заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева. Спачатку гледачы атрымалі асалоду ад двухгадзіннага выступлення пераможцаў “Халі-Хало” мінулых гадоў. Гэтаму конкурсу ўжо 16 год. За перыяд свайго існавання ён з гарадскога вырас да міжнароднага і лічыцца адным з флагманаў дзіцячай творчасці ў нашай краіне.
За два дні на наваполацкай сцэне прагучала больш чым 100 конкурсных кампазіцый. Член журы з Данецка Таццяна Чычэрава правяла майстар-клас, дзе дзеці разам са сваімі педагогамі вучыліся сакрэтам эстрадных спеваў. Гэта было незабыўнае чароўнае свята музыкі і песні. Канкурсанты атрымалі памятныя дыпломы, каштоўныя падарункі, салодкія пачастункі, а таксама запал бадзёрасці для далейшай творчасці.
Для многіх таленавітых выканаўцаў менавіта конкурс “Халі-Хало” стаў пачаткам зорнага шляху. У розныя гады ў ім перамагалі Пётр Ялфімаў і Наталля Падольская. І хто ведае, магчыма, што наваполацкая сцэна стане адной з першых прыступак на шляху да вялікай эстрады нашай шаркаўшчынскай зорачкі Дашы Касцюкевіч. Пажадаем ёй у гэтым поспехаў і ўдачы!
Сяргей РАЙЧОНАК.