Дзе, за колькі і чыёй вытворчасці можна купіць торт у Шаркаўшчыне

Актуальное

шырокі асартымент салодкай прадукцыі прадстаўлены ў гандлёвым павільёне “Дамавы”. Свежыя торты пакупнікам прапануе прадавец Наталля Капшуль

Свежы, прыгожы і смачны торт можа стаць сапраўдным упрыгожваннем святочнага стала, у тым выпадку, канешне, калі вам пашанцуе зрабіць правільны выбар. А чым парадуюць сваіх пакупнікоў напярэдадні самага доўгачаканага вясенняга свята гандлёвыя аб’екты райцэнтра? Каб атрымаць адказ на гэта пытанне, карэспандэнт наведаў некаторыя пункты продажу кандытарскай прадукцыі ў нашым гарадскім пасёлку.
Як высветлілася, даволі шырокі асартымент бісквітных, пясочных тортаў, тортаў-суфле і вырабаў са слаёнага цеста можна знайсці ў гандлёвым павільёне “Дамавы” ПУП “Валынец і К”, а таксама ў магазіне “Мара” ПУП “Окситорг”.
“Дамавы” прапануе наведвальнікам салодкую прадукцыю вытворчасці аддзела прамысловасці Шаркаўшчынскага райспажыўтаварыства, КУП “Мінскхлебпрам”, ПУП “Белгрыса плюс” (г. Полацк), Глыбоцкага хлебазавода. Аналагічны выбар тортаў і ў магазіне “Мара” (за выключэннем тортаў з г. Глыбокае). Цэны на салодкія пачастункі ў перадсвяточныя дні прыблізна наступныя. Торты мінскай вытворчасці вагой ад 800 да 1000 грамаў каштуюць каля 50—60 тысяч рублёў. Калі вам больш падабаюцца полацкія прысмакі, разлічвайце на суму ад 46 да 53 тысяч рублёў. Кандытарскія вырабы нашага гарадскога пасёлка вагаюцца ў межах 49—52 тысячы рублёў за кілаграм. Ва універсаме “Родны кут” і некаторых іншых гандлёвых кропках спажывецкай кааперацыі рэалізуецца прадукцыя Віцебскага хлебазавода і аддзела прамысловасці нашага райспажыўтаварыства. Пры выбары салодкай пакупкі не спяшайцеся адмаўляцца ад тортаў шаркаўшчынскай вытворчасці. Істотная перавага гэтай прадукцыі ў тым, што ў час яе вырабу выкарыстоўваюцца толькі натуральныя фарбавальнікі і араматызатары, хімічных дабавак вы тут не знойдзеце. Увогуле, не выбірайце торт ярка і моцна размаляваны: такі выраб будзе ўтрымліваць шмат штучных фарбавальнікаў. Лепш купіце той, што ўпрыгожаны натуральнымі фруктамі, арэхамі і шакаладам — гэта і смачна, і карысна.
Сярод  тортаў, што выпякаюцца на тэрыторыі раёна, найбольшым попытам у насельніцтва карыстаюцца “Напалеон” і добра вядомая кожнаму шаркаўчаніну “Казка”. Напярэдадні святаў вышэйназваныя торты будуць каштаваць каля 50 тысяч рублёў за 1 кілаграм.
Амаль ва ўсіх гандлёвых аб’ектах райцэнтра, дзе рэалізуецца кандытарская прадукцыя, можна заказаць торты загадзя. Дадзены від паслуг дазволіць вам набыць менавіта такі торт, на які вы разлічвалі.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *