На сельскіх маршрутах — аўтакрамы “Еўраопт”

Актуальное

Жыхары аг. Пялікі каля аўтакрамы “Еўраопт”
Жыхары аг. Пялікі каля аўтакрамы “Еўраопт”

На тэрыторыі раёна налічваецца 32 стацыянарныя магазіны. З кожным годам іх колькасць змяншаецца. На гэта ёсць аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны. Вядома, трымаць магазін у невялікай вёсцы, дзе пражываюць 10—20 чалавек эканамічна нявыгадна. Але незразумелым з’яўляецца той факт, калі дзяржаўныя магазіны зачыняюцца ў буйных населеных пунктах. Прыкладам тут могуць служыць аграгарадкі Лужкі, Верацеі, вёскі Гарадзец, Станіславова і іншыя. Тады альтэрнатывай становяцца аўтакрамы.

Да нядаўняга часу ў раёне па дзесяці распрацаваных маршрутах тавар сельскім спажыўцам двойчы на тыдзень развозілі пяць аўталавак КУП “Саюзкаапгандаль”. На жаль, далёка не ўсіх жыхароў вёсак задавальняў асартыментны пералік тавараў выязнога гандлю. У другой палове лістапада ў 61 вёсцы на тэрыторыі Станіславоўскага, Іёдскага, Радзюкоўскага і Германавіцкага сельсаветаў пачало працаваць таварыства з абмежаванай адказнасцю “Еўрагандаль”.

— Для гэтых мэт набытыя два аўтамабілі са спецабсталяваннем, — паведаміла нам дырэктар магазіна “Еўраопт. Шаркаўшчына” Юлія Кашэль. — Па ўзгадненні са старшынёй Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрыем Міхайлавічам Ламака распрацаваны пяць маршрутаў, па якіх двойчы на тыдзень ажыццяўляюць выязны гандаль нашы аўтакрамы. Галоўнае, што мы задавальняем патрэбы пакупнікоў у набыцці харчовых і шэрагу прамысловых тавараў. На вітрынах акуратна раскладзена прадукцыя для продажу, каля кожнага тавара маецца цэннік. Асартыментны пералік дасягае пяцісот адзінак у кожнай аўтакраме. На аўтамабілях працуюць па двое чалавек — вадзіцель і прадавец. Дарэчы, з увядзеннем у эксплуатацыю аўтакрам у нас з’явіліся два новыя працоўныя месцы. Цяпер прадаўцамі ў нас працуюць людзі, якія раней знаходзіліся на ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і былі беспрацоўнымі. Працуем мы на перспектыву. Таму, калі такое новаўвядзенне будзе карыстацца попытам сярод сельскага насельніцтва, то будзем набываць дадатковыя аўтакрамы.

А попыт у вяскоўцаў і сапраўды ёсць. У гэтым мы ўласна ўпэўніліся, калі назіралі як ажыўлена ішоў гандаль каля аўтакрамы “Еўраопт” у аграгарадку Пялікі. Адны вяскоўцы стаялі ў чарзе, другія акідвалі позіркам вітрыны, выбіраюць патрэбны тавар, іншыя, напоўніўшы свае сумкі пакупкамі, задаволеныя вярталіся дамоў.

— Вы позна прыехалі, — сказала нам з натоўпу пажылая жанчына. — Калі крыху раней, то ўбачылі б, якая вялізная чарга людзей стаяла каля аўтакрамы.

— Вельмі добры, якасны, свежы і не дужа дарагі тавар прадаюць тут, — уступіла ў гаворку другая жыхарка аграгарадка. — Цяпер і ў райцэнтр не трэба ехаць — прывязуць да дому прадукты.

Вадзіцель Анатолій Сяткоўскі і прадавец Вольга Морхат, не губляючы часу, рушылі ў суседнюю вёску Галава, дзе іх чакалі пакупнікі. Усяго ў той дзень яны наведалі ажно чатырнаццаць вёсак Станіславоўскага сельсавета.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *