Годна выступілі шаркаўчане на Адкрытым кубку Віцебскай вобласці па таэквандо

Спорт

2 (Копировать)Адкрыты кубак Віцебскай вобласці па таэквандо, у рамках Baltic Olympic cup, прайшоў з 1 па 3 снежня ў горадзе Віцебску на базе Палаца спорту «Камсамолец».

На дадзены момант таэквандо адзін з самых папулярных відаў спорту сярод дзяцей і моладзі, пра што сведчыць і колькасць удзельнікаў дадзенага турніру. У гэтым міжнародным спартыўным форуме прыняло ўдзел каля 650 спартсменаў, якія прадстаўлялі зборныя каманды Беларусі (Віцебск, Брэст, Мінск, Мінская вобласць, Полацк, Шаркаўшчына), Расіі (Масква, Санкт-Пецярбург, Смаленск, Калуга, Калінінградская вобласць), Латвіі (Рыга).

За турнірнымі баталіямі на чатырох даянгах назіраў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў. Губернатар сам вядзе актыўны і здаровы лад жыцця, дэманструе выдатныя вынікі ў гіравым спорце і цяжкай атлетыцы, з’яўляецца прыкладам чалавека ў добрай фізічнай форме. Дарэчы, па яго слядах пайшла і ўнучка, якая займаецца таэквандо.

Карыстаецца папулярнасцю таэквандо і ў Шаркаўшчыне. Вось і з верасня гэтага года 11 хлапчукоў і дзяўчынак сталі асвойваць гэта мастацтва ў групе пачаткоўцаў. Загартоўваючы характар ​​у гэтай школе падрыхтоўкі сапраўдных байцоў, яны падыходзяць да першай сваёй атэстацыі на вучнёўскую ступень майстэрства — белы пояс з жоўтай паласой.

А на Віцебскім міжнародным турніры іх старэйшыя таварышы на працягу двух дзён змагаліся за прызавыя месцы, падтрымлівалі адзін аднаго і набывалі карысны вопыт, знаходзілі новых сяброў з іншых краінаў, адточвалі тэхніку і тактыку паядынкаў.

У групе юніёрак 2000-2002 года нараджэння ў нас выступала адна Даша Машара. У вагавой катэгорыі 49-52 кг яна заваявала бронзавы медаль.

Сярод кадэтаў 2003-2005 г.н. вызначыўся Данііл Ландышка, які заняў 2-е месца ў вазе 57-61 кг. Ледзь-ледзь яму не хапіла да атрымання статусу кандыдата ў майстры спорту.

Добра глядзеліся і паядынкі нашых хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзроставых групах 2006-2007 і 2008-2009 гадоў нараджэння. Не сорамна было за Арцёма Стральчонка, Ягора Рашэтнікава, Артура Шапалоўскага, у актыве якіх з’явіліся перамогі над спартсменамі з іншых краін. Ну а, як вядома, слабых байцоў на такія турніры не прывозяць.

Выдатна правёў свае паядынкі Стас Манулік. У адным з іх не пакінуў шанцаў на перамогу больш росламу і магутнаму смаленскаму таэквандысту, выйграўшы з лікам 12 — 2. Змог правесці прыгожы тэхнічны прыём з разваротам праз спіну і ў фінале з віцяблянінам, які быў ужо амаль на дзве галавы вышэй і старэй на год. Што парабіць, у вагавой катэгорыі звыш 45 кілаграмаў вага байцоў ўжо не абмяжоўваецца. І толькі 2 балы не хапіла Стасу, каб, як і на мінулых спаборніцтвах, заваяваць чэмпіёнства, хоць яго медаль срэбранага адліву таксама выдатны вынік.

Як звычайна вельмі хвалявалася перад сваімі паядынкамі наша Яна Сініца, якая выступала ў вагавой катэгорыі спартсменак 32-36 кілаграмаў. З Палінай Сітнякоўскай з расійскага горада Азёрны Яна ўжо сустракалася на першых сваіх міжнародных спаборніцтвах. Як і ў мінулы раз, шаркаўчанка выйграла з відавочнай перавагай 24-12. А вось па ходзе другога бою нам прыйшлося пахвалявацца — барацьба ішла з пераменным поспехам. І Яна, і Надзея Балбека са Смаленска на працягу ўсяго паядынка па чарзе выходзілі наперад. Але нездарма ж Яна ў сваіх хатніх спарынгах загартоўвае характар ​​з хлапчукамі, як правіла, нават перамагаючы. Вось гэтая загартоўка шмат у чым і прывяла да таго, што на апошніх секундах манітор судзейскай сістэмы паказаў лік 23 — 20 на карысць нашай Яны.

У фінале Яне супрацьстаяла выхаванка вельмі моцнай брэсцкай школы таэквандо. На адкрыцці Віцебскага турніру трэнер гэтай школы Вольга Шайхутдзінава была ўзнагароджана прызам Беларускай федэрацыі таэквандо за падрыхтоўку прызёра Першынства Еўропы сярод кадэтаў, якое прайшло ў кастрычніку гэтага года ў Будапешце.

Перад фінальным паядынкам з брэстчанкай Ульянай Сахарчук, якая ў паўфінале з відавочнай перавагай выйграла ў выхаванкі чэмпіёнкі свету Алесі Чарняўскай з Мінска, балельшчыкі моцна хваляваліся за шаркаўчанку, бо надта шмат сіл аддала яна ў паўфінале. Трэнер Яны раіў выкарыстоўваць больш жорсткі тэхнічны прыём двіт чагі, тата Андрэй падбадзёрваў пагладжвачы па плячы, а мама Аксана перад вырашальным боем усё нешта нашэптвала на вушка дачцэ. Загучаў гонг — і адразу ж, к нашай радасці, на першай секундзе Яна «выбухае» і зарабляе першыя два балы. Далей усё пайшло ў такім жа ключы. У шаркаўчанку як быццам ўсяліўся добры магутны дэман і ў саперніцы не засталося ніякіх шанцаў на вікторыю. Лік 14 — 8 на карысць Яны Сініца кажа сам за сябе. Мы віншуем нашу юную шаркаўшчынскую таэквандыстку з чэмпіёнскім тытулам гэтага прэстыжнага міжнароднага турніру і жадаем новых перамог. Яна сапраўды вартая іх.

У цэлым, падводзячы вынікі турніру, можна адзначыць, што шаркаўшчынскае таэквандо захоўвае канкурэнтаздольнасць.

Можна выйсці і на ранейшы ўзровень, калі ў нашым раёне рыхтавалі майстроў спорту Беларусі і міжнароднага класа, чэмпіёнаў і прызёраў Еўропы і Свету. Але гэта пры ўмове, калі вырашыцца пытанне фінансавай падтрымкі выезду Шаркаўшчынскіх таэквандыстаў у год хоць бы на 5-6 самых прэстыжных міжнародных спаборніцтваў.

Ігар ІВАНОЎ,

трэнер-выкладчык па спорту, уладальнік чорнага пояса 3 дана.

1 (Копировать) 3 (Копировать) 4 (Копировать) 5 (Копировать) 6. СИНИЦА ЯНА (Копировать) 7. Манулик Стас (Копировать) 8 (Копировать) 9. Ландышко Даниил (Копировать) 10. Машара Дарья (Копировать)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *