Кожную вясну лепшыя прадстаўнікі маладога пакалення нашага рэгіёна збіраюцца разам, каб паспрабаваць свае сілы ў раённым інтэлектуальным турніры “Брэйн-рынг”.
— Не стане выключэннем і бягучы год, — паведаміў начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Ігар Афанасьевіч Іваноў. — 17 сакавіка завяршаюцца ўнутрыкалектыўныя паядынкі эрудытаў. А 18 сакавіка ў 10.00 гадзін на базе Шаркаўшчынскага РДК адбудзецца раённы інтэлектуальны конкурс “Брэйн-рынг”. У ім прымуць удзел маладзёжныя каманды працоўных калектываў нашага рэгіёна. У якасці знатакоў выступяць маладыя людзі ва ўзросце да 31 года ўключна. Вучні школ у склад дарослых каманд не дапускаюцца. Пры выяўленні парушэнняў гэтага правіла каманда будзе здымацца з турніру.
У склад каманды ўваходзяць 6 чалавек і 1 прадстаўнік (у якасці выключэння дапускаецца гульня каманды ў складзе 5 чалавек). Магчыма аб’яднанне двух працоўных калектываў у адну каманду, таксама дазваляецца 50-працэнтны ўдзел у саставе каманды ўраджэнцаў Шаркаўшчынскага раёна, якія не працуюць ў дадзеным працоўным калектыве (студэнты, часова беспрацоўныя, або прадстаўнікі іншых арганізацый і устаноў).
Папярэднія заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца да 15 сакавіка ў вуснай форме па тэлефонах 4-15-56 (аддзел па справах моладзі райвыканкама), 4-21-56 (раённы камітэт БРСМ). Пісьмовыя заяўкі і пратаколы правядзення ўнутрыкалектыўных конкурсаў падаюцца ў судзейскую брыгаду ў дзень правядзення конкурсу. Вынікі турніру будуць падводзіцца па двух групах: маладзёжныя каманды сельгаспрадпрыемстваў раёна і маладзёжныя каманды працоўных калектываў г. п. Шаркаўшчына.
Падрыхтавала Вольга СТАШЭЎСКАЯ
