Беларускі саюз афіцэраў: 25-годдзе аб’яднання

Актуальное

Раман Більдзюга (у цэнтры) і актывісты раённага аб’яднання БСА
Раман Більдзюга (у цэнтры) і актывісты раённага аб’яднання БСА

«На сегодняшних ярких примерах,

На сраженьях, что память хранит,

Белорусский союз офицеров

Для страны патриотов растит!»

Гэта галоўны дэвіз грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў”, якога яно няўхільна прытрымліваецца ўжо чвэрць стагоддзя. 20 верасня 1992 года адбыўся першы ўстаноўчы з’езд Беларускага саюза афіцэраў, які і стаў кропкай адліку існавання гэтага аб’яднання. Сёлета адна з буйнейшых грамадскіх арганізацый краіны адзначыла сваё 25-годдзе. Беларускі саюз афіцэраў быў створаны як грамадская структура, якая аб’ядноўвае ў сваіх радах афіцэраў і прапаршчыкаў запасу, у адстаўцы, а таксама тых, хто праходзіць службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь і іншых сілавых ведамствах. Прадметам дзейнасці БСА ў дадзены момант з’яўляецца ваенна-патрыятычная работа, садзейнічанне падтрыманню належнай абароназдольнасці, стварэнне неабходных умоў і магчымасцей для эфектыўнага выкарыстання ў нацыянальных інтарэсах патанцыялу і вопыту афіцэрскага складу.

2017 (Копировать)

Стварэнне арганізацыі

У красавіку 2006 года ваенны камісар Шаркаўшчынскага райваенкамата Анатолій Каляда выступіў з ініцыятывай стварэння раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў”. Арганізацыйны сход прайшоў 26 красавіка ў раённым аддзеле ўнутраных спраў, на ім прысутнічала 26 чалавек. На сходзе быў выбраны савет у складзе пяці чалавек. У яго ўвайшлі падпалкоўнікі Валянцін Куклін, Раман Більдзюга, Анатолій Каляда, Уладзімір Барадулін і маёр Мікалай Еўдакімаў. Рашэннем савета на пасаду старшыні быў абраны падпалкоўнік Валянцін Куклін. Такім чынам, першапачаткова ў склад Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі БСА ўвайшло 26 чалавек.

Станаўленне арганізацыі праходзіла цяжка. Гэта быў такі перыяд, калі раённае аб’яднанне амаль спыніла сваё існаванне. Людзі ўступалі і выходзілі з яго. Але з цягам часу сітуацыя змянілася ў лепшы бок. 26 сакавіка 2013 года рашэннем савета падпалкоўнік Валянцін Куклін па стане здароўя быў вызвалены ад займаемай пасады. Новым старшынёй стаў камісар Шаркаўшчынскага райваенкамата падпалкоўнік Андрэй Дубовік. У склад савета ўвайшлі падпалкоўнік Аляксандр Асятроў, маёры Валерый Ліпскі, Дзмітрый Уткін, капітан Валерый Латышонак. Дзень 26 сакавіка, па сутнасці, стаў другім днём нараджэння арганізацыі. Актыўная грамадская дзейнасць

Асабістая ініцыятыва і аўтарытэт старшыні аб’яднання і мэтанакіраваная работа членаў савета з’ядналі ў арганізацыі не толькі афіцэраў і прапаршчыкаў запасу, у адстаўцы і якія праходзілі службу ва Узброеных Сілах, але і дзеючых афіцэраў Шаркаўшчынскага раённага аддзела ўнутраных спраў, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Дэпартамента аховы і раённага аддзела Следчага камітэта. Членамі аб’яднання сталі 54 афіцэры і прапаршчыкі. Арганізацыя вырасла не толькі колькасна, але і якасна. Раённае аб’яднанне БСА ўзмацніла працу па прыцягненні афіцэраў і прапаршчыкаў у актыўную грамадскую работу па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі, падрыхтоўцы яе да вайсковай службы. Арганізацыя стала цесна працаваць сумесна з раённай уладай, ваенкаматам, навучальнымі ўстановамі, іншымі грамадскімі аб’яднаннямі. Часцей сталі сустракацца з прызыўнікамі, вучнямі, прымаць актыўны ўдзел у мерапрыемствах, якія праходзілі ў раёне. Кожны год у межах дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” члены БСА з падарункамі наведваюць дзіцячы дом сямейнага тыпу, сацыяльна-педагагічны Цэнтр, каб павіншаваць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія апынуліся ў складаных жыццёвых абставінах, з пачаткам навучальнага года, каляднымі і навагоднімі святамі. Яны ж аказваюць дапамогу ўстановам адукацыі ў арганізацыі і правядзенні вучэбна-палявых збораў, ваенна-патрыятычных лагераў у летні перыяд, ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца”.

Дзень сённяшні

23 лютага 2016 года ў сувязі з пераменай месца жыхарства старшыні аб’яднання падпалкоўніка Андрэя Дубовіка новым кіраўніком раённай арганізацыі БСА быў абраны падпалкоўнік Валерый Ан. Сёння раённае аб’яднанне “Беларускі саюз афіцэраў” налічвае 65 чалавек. Самы актыўны ўдзел у яго рабоце прымаюць падпалкоўнікі Сяргей Арэшкаў, Юрый Кавалёнак, Андрэй Федуковіч, Раман Більдзюга, Валерый Ліпскі, маёры Васілій Марозаў, Дзмітрый Уткін і іншыя афіцэры і прапаршчыкі.

Старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” Валерый Ан
Старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” Валерый Ан

Праяўляючы непасрэдны ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі, члены арганізацыі неаднаразова ўзнагароджваліся граматамі і падзякамі на раённым і абласным узроўнях. Ганаровай граматай Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта за шматгадовую плённую дзейнасць па ваенна-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, значны асабісты ўклад у падрыхтоўку моладзі да службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь узнагароджаны намеснік старшыні раённай арганізацыі Раман Більдзюга.

Па ініцыятыве членаў раённага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” і яго старшыні Валерыя Ана збіраліся грашовыя сродкі на выраб і ўстаноўку памятнага знака, прысвечанага Герою Савецкага Саюза Раману Кудрыну. Дзякуючы падтрымцы райвыканкама, раённай арганізацыі “Беларускі фонд міру” і іншых, задумку ўдалося ажыццявіць. 3 ліпеня 2016 года, падчас святочных урачыстасцей, прысвечаных Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, на плошчы 1 Мая ў гарадскім пасёлку адкрыты памятны знак у гонар адзінага Героя СССР, які жыў і працаваў у Шаркаўшчынскім раёне, Рамана Кудрына.

Стала добрай традыцыяй у лістападзе праводзіць раённы спартыўны турнір па таэквандо сярод юнакоў і дзяўчат, прысвечаны памяці Героя Савецкага Саюза. Сёлета гэта спаборніцтва праходзіла ў Шаркаўшчыне трэці раз.

У сакавіку 2017 года ў раённым Цэнтры культуры адбылася святочная ўрачыстасць ушанавання лаўрэатаў ганаровага звання “Чалавек года Шаркаўшчыны” па выніках працы за 2016 год. Сярод пятнаццаці лаўрэатаў дыпломам у намінацыі “Праваахоўная, фінансавая і банкаўская дзейнасць, мясцовае кіраванне і самакіраванне” адзначаны і старшыня раённага грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” Валерый Ан.

За 25 год Беларускі саюз афіцэраў зарэкамендаваў сябе ў краіне, як сур’ёзная моцная патрыятычная арганізацыя, якая карыстаецца значным аўтарытэтам у грамадстве. Па стане на 1 студзеня 2017 года ў радах БСА налічваецца звыш 25-ці тысяч афіцэраў і прапаршчыкаў. Каля 60% з іх актыўна ўдзельнічаюць у працоўнай і грамадскай дзейнасці.

Юбілей БСА

27 верасня 2017 года ў драматычным тэатры Беларускай Арміі адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны 25-гадоваму юбілею арганізацыі. На мерапрыемстве прысутнічалі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў, міністр абароны краіны Андрэй Раўкоў і іншыя прадстаўнікі дзяржаўнай улады. У сваім прывітальным адрасе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за чвэрць стагоддзя Беларускі саюз афіцэраў актыўна праявіў сябе ў садзейнічанні ўмацаванню абароназдольнасці краіны, а ветэраны Узброеных Сіл, застаючыся вернымі высакародным традыцыям служэння Айчыне, з’яўляюцца надзейнай апорай дзяржавы ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні насельніцтва.

— Юбілей Беларускага саюза афіцэраў з’яўляецца данінай глыбокай павагі ўсіх пакаленняў афіцэраў, — сказаў старшыня раённага аб’яднання БСА Валерый Ан. — Усіх, хто служыў і служыць цяпер Айчыне, хто абараняе яе суверэнітэт і нацыянальныя каштоўнасці нашай краіны, хто працягвае яе гістарычныя традыцыі.

Старонку падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *