Сёння — Дзень энергетыка

Актуальное

Начальнік раённай дыспетчарскай службы Леанід Грыгаровіч і дыспетчар Іван Цітовіч
Начальнік раённай дыспетчарскай службы Леанід Грыгаровіч і дыспетчар Іван Цітовіч

22 снежня ўся краіна адзначае прафесійнае свята работнікаў прамысловасці, дзейнасць якіх ахоплівае выпрацоўку, перадачу і збыт карыстальнікам электраэнергіі. Ад іх працы ў многім залежаць камфорт у дамах жыхароў раёна, стабільная работа прадпрыемстваў і арганізацый, камунальнай гаспадаркі, аграрнага сектара і транспарту. Гэтыя функцыі ў нашым рэгіёне выконвае Шаркаўшчынскі раён электрычных сетак, які ўзначальвае Уладзімір Арсеньевіч Фёдараў. Напярэдадні прафесійнага свята кіраўнік арганізацыі расказаў нам пра сённяшні дзень шаркаўшчынскіх энергетыкаў.

— Асноўнай задачай работнікаў нашай арганізацыі з’яўляецца надзейнае і бесперабойнае электразабеспячэнне спажыўцоў, якія падключаныя да электраразмеркавальных сетак, — кажа Уладзімір Арсеньевіч. — Шаркаўшчынскі раён электрычных сетак абслугоўвае 684 кіламетры паветраных ліній і амаль 3 кіламетры кабельных ліній з напружаннем 10 кілават, а таксама 665 кіламетраў электраліній з напружаннем 0,4 кілават, шмат іншага спецыяльнага абсталявання.

Вырашэнне шматлікіх вытворчых задач забяспечваецца за кошт правядзення планавых комплексных капітальных рамонтаў аб’ектаў электрасетак з перыядычнасцю адзін раз у пяць год на драўляных апорах і адзін раз у дзесяць год — на жалезабетонных. У гэтым годзе нашымі работнікамі выкананы капітальны рамонт 132 кіламетраў электраліній, 5 закрытых трансфарматарных падстанцый і 35 камплектных трансфарматарных падстанцый. Праведзена замена драўляных апор на жалезабетонныя ў вёсках Іванава, Сталіца, Малыя Грыдзюшкі, Алашкі, часткова на вуліцы Чырвоная Горка ў райцэнтры.

Наша арганізацыя раздзелена на тры лінейныя ўчасткі — Шаркаўшчынскі, Іёдскі і Лужкаўскі. За кожным замацаваны вызначаныя эксплуатацыйныя брыгады. Падключэнне новых аб’ектаў і абслугоўванне вулічнага асвятлення ў сельскіх населеных пунктах праводзіць брыгада “Адно акно”.

Брыгада “Адно акно” — майстар Андрэй Рубніковіч, электраманцёр Андрэй Заяц і вадзіцель Сяргей Седзюкевіч
Брыгада “Адно акно” — майстар Андрэй Рубніковіч, электраманцёр Андрэй Заяц і вадзіцель Сяргей Седзюкевіч

У Шаркаўшчынскім РЭСе, адзіным у краіне, на кожнай трансфарматарнай падстанцыі маецца электронны ўлік, паказанні якога перадаюцца на камп’ютары. Дзякуючы шматлікім мерапрыемствам, накіраваным на зніжэнне тэхнічнай складаючай страт, за дадзены перыяд 2017 года зэканомлена 20 тысяч кілават электраэнергіі да мінулагодняга ўзроўню.

Раённая дыспетчарская служба (РДС) з’яўляецца яшчэ адным структурным падраздзяленнем нашай арганізацыі. У штаце, якім кіруе Леанід Грыгаровіч, налічваецца 18 чалавек. Гэта дзяжурныя дыспетчары і электраманцёры аператыўна-выязных брыгад. Праца тут ідзе ў кругласутачным рэжыме, бо трэба ажыццяўляць пільны і пастаянны кантроль над бесперабойнай падачай электраэнергіі спажыўцам.

Напярэдадні прафесійнага свята жадаю работнікам паспяховага выканання намечаных планаў і рэалізацыі новых праектаў, падтрымкі блізкіх людзей. Няхай самай надзейнай апорай у жыцці застаюцца сям’я, родныя і сябры!

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *