Шаркаўшчынская дзіцячая бібліятэка цесна супрацоўнічае з навучальнымі ўстановамі райцэнтра, з настаяцелем храма іконы “Усіх смуткуючых Радасць” протаіерэем Віктарам Валашчуком. На пастаяннай аснове ва ўстанове культуры праходзяць разнастайныя сумесныя мерапрыемствы для дзяцей і падлеткаў. Напрыканцы снежня бібліятэкар Людміла Казіцкая падрыхтавала праграму, прысвечаную святу Нараджэння Хрыстова.
Асноўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства сталі вучні 5 “Б” класа сярэдняй школы № 1 з класным кіраўніком Марынай Станіславаўнай Хахолка, выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў Ала Уладзіміраўна Міхайлава і Мечыслаў Эмануілавіч Касцюк, а таксама фальклорны гурт “Святачкі”.
Што ж гэта за свята — Нараджэнне Хрыстова? Даць адказ на дадзенае пытанне дзецям дапамаглі протаіерэй Віктар Валашчук і вядучая праграмы Людміла Казіцкая. Шмат карыснай інфармацыі ад свяшчэнніка дзеці даведаліся аб Ісусе Хрысце, яго нараджэнні, зямным шляху. Протаіерэй, трымаючы ў руках ікону “Нараджэнне Хрыстова”, падрабязна расказаў, што сабой сімвалізуюць адлюстраваныя на ёй біблейскія персанажы, які глыбінны сэнс закладзены ў ёй.
Нязменным атрыбутам калядных і навагодніх свят з’яўляюцца галінкі зялёных елак з цацкамі і рознакаляровымі агеньчыкамі. Але апошнім часам хатнія пакоі дзеці і дарослыя ўпрыгожваюць штучнымі ёлкамі, каб захаваць прыроднае хараство пушчаў і бароў і не наносіць лясам шкоду. Гэтай тэме былі прысвечаны казкі, якія пяцікласнікі загадзя напісалі, а цяпер прачыталі прысутным.
А якія ж Каляды без калядоўшчыкаў? Славіць нараджэнне Хрыста — сына Божага — прыйшлі ўдзельнікі фальклорнага гурта “Святачкі” дзіцячай школы мастацтваў. Музыкай і песнямі, танцамі і вершамі, жартоўнымі конкурсамі віталі калядоўшчыкі гаспадароў, якія гасцінна запрасілі ў сваю хату гарэзлівых хлопчыкаў і дзяўчынак.
Традыцыі і абрады нашых продкаў адраджаюцца, жывуць і распаўсюджваюцца, дзякуючы сумеснай творчай рабоце супрацоўнікаў устаноў культуры і духавенства. Гэта і з’яўляецца адным з асноўных накірункаў у іх працы па захаванні беларускай спадчыны.
Сяргей РАЙЧОНАК.



















